ВЕДЗЬМА. Ведзьма балотная. Няўхв. Кепская жанчыны. Ведзьма ты балотная! Кямелішкі Астр. Ведзьма замуж ідзе. Завіруха разулялася. Вокны замерзьлі ў хаці, та й ні бачыш, што на гуліцы робіцца. А там сёня ведзьма замуш ідзе. Ліпнішкі Шчуч. (ЗНФ, 21). Мо выпагадіцца, тады й пайдзеш, а ціпер німа чаго носа соваць, бо ведзьма замуш ідзе. Бершты Шчуч. (ЗНФ, 21). Як ведзьма з таўкачамі хадзіць. Няўхв. У стане злосці. Пасьля той сваркі мо зь месяц хадзіла як ведзьма с таўкачамі. Дварэц Дзятл. (ЗНФ, 84). Чо гэта старая ходзіць па хаці як ведзьма с таўкачамі? Машталеры Маст. (ЗНФ, 84). Ні падыхоць ты да яе, бо цалюткі дзень ходзіць як ведзьма с таўкачамі. Альхоўка Навагр. (ЗНФ, 84). ВЕК. Век векам. Заўсёды. Век векам яны нічога не мелі. Караневічы Гродз. (СНМ-1, 179). Век веку падасць і на другі застанецца. Вельмі моцнае, трывалае, носкае (адзенне, начынне, прыладдзе). Любіць купіць такое, што век веку падасць і на другі застанецца. Лукі Карэл. (БФ, 80). ВЕКАМ. Цёмным векам жыць. Гаруючы. Я цёмным векам жыву. Дакудава Лід. (СПЗБ-1, 294). ВЕКУ. З веку ў век. Заўсёды, пастаянна. Як што добро, перадаецца з веку ў век. Лунна Маст. (МСГВ, 79). Спакон веку. Спадвеку, здаўна. Спакон веку ніхто так не рабіў, як сёньня мы с табой. Ігнатаўцы Лід. Спакон веку. Масілавічы Сл. (СПЗБ-4, 543). Спра´ку (спрэ´ку)-веку. Спрадвеку, здаўна. У нашаго дзеда лошка [лыжка] свая была. Мо спраку-веку яна ў нашуй сям'е была. Старына Маст. Вёска да паноў ні належала спрэку-веку. Ясенавіца Ваўк. ВЕЛЬКІ. Велькі расці. Выкл. 1. Выказванне падзякі дзецям за паслугу; дзякуй. – Дай, бабуля, я памагу табе сумку паднясьці. – Дзякуй, сынок, велькі расьці! Пеляса Воран. 2. Адказ дзецям на словы падзякі; калі ласка. – Дзякуй вам, бабу, за яблыкі. – Велькі расьці, спажывай на здаровя! Маркішы Гродз. – Дзякуй вам, цётачко! – Велькі расьці! Стокі Свісл. – Бабу, дзякуй за малако! – Велькі расці! Заполічы Свісл. Вар. вялікі (велькі) расці каб паспеў на лета мак трасці. ВЕЛЯ. Веля хочаш. Вельмі шмат. Тэраз усяго хапае, веля хочаш. Дварчаны Воран. ВЕНІК. Венік вясковы. Няўхв. Той, хто не любіць быць дома, часта бавіць час у суседзяў, аднавяскоўцаў. Хоць адзін вечар у хаце паказалася п, венік ты вясковы. Дайнава Воран. Ну й венік вясковы гэта дзіця, цэлы дзень ні было дахаты, толькі цяпер прыплёўся. Пераганцы Воран. Як венік жвавы і пад. Вельмі. Андрэй усюды пасьпявае, шустры як венік. Трокенікі Астр. Вар. як венік (электравенік). Як венік драны насіцца. Вельмі хутка. Што ты носішся як венік драны. Цудзенішкі Ашм. Як новы венік. Жарт. Прыгожы, прыгожа апрануты. Ну, Вася, ты сёньня як новы венік. Хіба ўчора на базары быў? Зэльва Зэльв. ВЕНІКАМ. І венікам не размесці каго. Вельмі дружныя, неразлучныя, заўсёды разам. Яны такія дружбакі, што і венікам ні размясьці іх. Бароўшчына Шчуч. Як венікам па вадзе. Няўхв. Пусцяковіна, дробязь, не мае ніякага значэння. Твае прыборы ў хаце як венікам па вадзе, ты во ў гародзі пакапай лапатай. Карпейчыкі Шчуч. ВЕНІКІ. Пофіг венікі каму. Не хвалюе, не заклапочвае каго-н. што-н. Маці хварэе, а яму пофіг венікі. Смаргонь Смарг. Як венікі вяжа ілжэ. Вельмі спрытна, па-штукарску. Слухай ты яго, Ганна... Гэта ш такі манюка, лыжэ як венікі вяжа. Радзівілаўцы Лід
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

сяме
14 👁