надаело шломбаць па гэтаму калу, боты чысто прамоклі. Квасоўка Гродз. (СНМ, 168). Чысто ўпучыло жывот – а хай яго з гарохам тваім, накарміла. Чамяры Сл. (ЖНСл., 187). ЯДЗЕРКА. Я´дзерка-пя´церка. Божая кароўка. Ядзерка-пяцерка, што сёньня будзя, ці дошч ці пагода? Яг дошч, то ляці, як пагода, то сядзі. Шылавічы Сл. (СГВ, 572). ЯДЗЮНЯ. Як Ядзюня на фэст збірацца. Вельмі марудна. Ну ты й зьбіраяся, якрас як Ядзюня на фэст, так ты і да абеду ні выберася. Палушы Астр. ЯЕЧКА. Каб яечка ды каб аблупленае каму. Усё самае лепшае і гатовае каму-н. Вунь як ён добра жыве. Дык ён працуе з ранку да ночы, гэта толькі табе кап яечко ды кап аблупленае. Падбалоцце Зэльв. ЯЗУЛЯ. Да Язуля запісацца. Насмеш. Не збірацца жаніцца ці ісці замуж. Чаму замуш ні йдзеш? Мо да Язуля запісалася? Замошша Шчуч. ЯЗЫК. Адвярнуць язык. Своечасова сказаць, прамовіць што-н. А ты чаго вушы разьвесіў? Не можаш адвярнуць язык, напусьціліся ўсе на гэта дзіця. А яно Богам нявіннае. Дзеравянчыцы Сл. Ты што, ні магла адвярнуць языка, што ў калейцы стаіш?! То цяпер во пабяжы скажы, як усе разышліся. Косцевічы Астр. Аж язык зрывае. Вельмі смачна. Блінкоў напякла, аж язык зрывая. Навасёлкі Гродз. Аж язык зрываць крычаць. Вельмі моцна, голасна. Яна так моцна крычыць, аш язык зрывае. Яскалды Бераст. Аж язык у жывот цягне. Што-н. вельмі прыемнае на смак. Такі смашны суп, што аж язык у жывот цягня. Баброўнікі Гродз. Бойкі на язык. Дасціпны, знаходлівы ў размове. Бойкі на язык. Новы Двор Свісл. О, ён на язык бойкі, нікішэнны чалавек. Шастакі Шчуч. (СРЛГ, 79). Востры на язык. Дасціпны, знаходлівы ў размове. Наш дзяцька востры на язык, ніхто з ім не згаворыцца. Панара Смарг. (СГВ, 582). Хлопяц ваш вельмі гостры на язык. Індура Гродз. Хлопяц ён быў здатны і гостры на язык. Дзеткі Воран. Німа на цябе Цылінкі, ой яна маладзец баба, гостра на язык, цібе на месца быстра паставіла п, і мы яшчэ пасьмяяліся п усе. Амбілеўцы Шчуч. Натто ты, мая саколка, гостра на язык. Глядзі, кап ні зарабіла за свой язык. Мацвееўцы Ваўк. Высалапіўшы (высунуўшы) язык бегчы і пад. Вельмі хутка, напружана, выбіваючыся з сіл. Раніцай покуль абойдзіся, покуль дзяцей у школу выправіш, то самой няма часу і ўкусіць, ляціш на работу высалапіўшы язык. Заборцы Астр. Цэлы дзень, як дурная, высалапіўшы язык лётала. Баяры-Бурлакі Астр. (CНМы, 5). Бегала на работу высунуўшы язык, пакуль ня зьлегла. Купіск Навагр. (ЖНС, 114). Ты чаго ляціш язык высалапіўшы, усенькія майткі балотам заляпаў. Пугачы Шчуч. Ляцеў язык высалапіўшы, дык і грошы згубіў. Замасцяны Шчуч. Бульбу капаў Мікола язык высалапіўшы. Ракавічы Шчуч. Папёр ён с тога лагера язык высулупіўшы. Ятвезь Ваўк. Гостры на язык. Гл. востры на язык. Дзяржаць язык за зубамі. Захоўваць што-н. у тайне, не расказваць, маўчаць, калі трэба, не прагаварыцца. Табе, Гена, было сказана дзяржаць язык за зубамі, а ты ўсё роўна не стрымаў, выбалтаў. Радзюкі Навагр. Дзяржы язык за зубамі. Каменка Гродз. Нашага Шуцкага ня можна ў госьці паклікаць, як нап'ецца, то пачуяш ад яго мат і перамат, знаць ня хоча, што вядома ўсім, еш пірог з грыбамі, дзяржы язык за зубамі. Клінчаны Гродз. (СГВ, 634-635). Вар. трымаць (дзяржаць) язык за зубамі. Доўгі язык у каго. Няўхв. 1 Хто-н. балбатлівы, схільны гаварыць лішняе. У Зоські доўгі язык. Нёўда Навагр. У нашых жанчын доўгія языкі. Малюкі Воран. Калі доўгі язык, то яго можна ўцяць. Крынкі Карэл. (БФ, 134). 2. Схільнасць да балбатлівасці. Наша Маня мая доўгі язык, пашла расказала ўсім. Доўгая Шчуч. Гэта ўсім вядома, што Зося мая доўгі язык, у яе язык, як у сабакі хвост. Карэвічы Іўеў. (СГВ, 588). Яна ні ўмея маўчаць, усё раскажа, бо доўгі язык мая. Старынцы Бераст
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

напецца
8 👁