ЧАРЫ. Адны чары засталіся ад каго. Хто-н. вельмі схуднеў, золажэў. Паеш вазьмі, ат цябе адны чары засталіся. Куцэвічы Карэл. ЧАС. Бавіць час. Знаходзіцца, быць дзе-н. І дзе ты бавіла час? Тут усе цябе чакалі. Калеснікі Бераст. (СГВ, 578). Не ў доўгі час. Хутка. Так і гадаваліса ўсе разам, калі горш, калі лепей, а ні ў доўгі час бацько таксамо адышоў на той сьвет. Адэльск Гродз. У добры час сказаць. Пабочн. Каб толькі і далей было гэтак жа добра; каб толькі не сурочыць, не прагаварыцца. І на той выхадны, казалі, да міне прыедуць. І сама бачу, і Галя расказвала: зяць, у добры час сказаць, файны чалавек. Бершты Шчуч. (ЗНФ, 71). У час па чайнай ложцы. Рэдка, пакрысе і павольна. Пра гаворку. Я ні магу зь ім гаварыць, мне памахчы яму хочацца: цэдзіць словы ў час па чайнай лошцы. Стокі Свісл. Час ад часу. Зрэдку. Час ад часу брат з жонкай да нас заходзілі. Руда Яварская Дзятл. Час ат часу вып'я. Амбілеўцы Шчуч. ЧАСАМ. За польскім часам. У перыяд з 1921 па 1939 гады, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Хачу ўчуся, хачу раблю, хачу зразу замуш іду. Ун як наша Марыся. А за польскім часам так ні было. Янаполь Воран. (ДМГ, 150). За польскім часам адно паны елі пярнікі. Альхоўка Навагр. (МСГВ, 407). Яшчэ за польскім часам такоё насілі, ціпер німа такого мацерыялу нат. Шчорсы Навагр. Тым часам. 1. Тады ж. Вы тут пасядзеця, а мы тым часам на рэчку збегаям, пакупаямсо. Жукевічы Гродз. (СНМ-2, 236). 2. Пабочн. Дарэчы, у сувязі са сказаным. Дык ужо стары, тым часам, не малады. Кашалёва Навагр. Часам з квасам а парой з вадой (ці то з бядой). Па-рознаму – і добра, і кепска. Жылі ўсяляк: часам с квасам а парой з вадой. Воранава Воран. Рознае ў жыцьці бывае: і добрае і благое ў адносінах да іншага чалавека – часам с квасам а парой зь бядой. Ашмяны Ашм. Часам з квасам а парой з вадой ці то з бядой. Шайбакі Лід. (МСГВ, 615). ЧАСЕ. На скорым часе. Хутка, своечасова. Каб на скорым часе, то і атратавалі п, а так памёр. Горка Дзятл. ЧАСНЫК. Заячы часнык. Бат. Чарамша. На Схадоўскім полі заячы часнык усё рос, много было. Літвінкі Гродз. (СНМ, 57). ЧАСТАКОЛ. Частакол гарадзіць. Няўхв. Гаварыць няпраўду, выдумляць, перабольшваць што-н. А я яго й слухаць ні хачу, ён добро ўмея частакол гарадзіць, нат ні змаргне. Старына Маст. ЧАСТАКОЛУ. Нагарадзіць частаколу. Нагаварыць пустога, абы-чаго. Цэлу гадзіну гаварыў да міне, нагарадзіў частаколу, што ніяк ні магу разабрацца. Паўлаўшчына Ваўк. ЧАСУ. Даць часу. Кінуцца наўцёкі, уцякаць. Давай часу адгэтуль! Гаспадар ідзе. Ашмянцы Шчуч. Даў часу, адно пяткі заблішчалі. Новы Двор Свісл. ЧАЦВЕР. Не цяпер то ў чацвер. Калі-небудзь, у бліжэйшым будучым і абавязкова (будзе што-н.). Усім вядомо, што ні ціпер та ў чацвер, а паміраць трэбо. Лаша Гродз. (СНМ-2, 43). Ні цяпер і ні ў чацвер. Ніколі. – Калі мы зноў сустрэнемся? – Ні цяпер і ні ў чацьвер. Ні трэба. Гербелевічы Дзятл. ЧВЭРЦІ. Тры чвэрці да смерці. Зусім нямнога (засталося каму-н. да смерці). Сколькі яму тут жыць засталося – тры чвэрці да сьмерці. Уселюб Навагр. Што с табою робіцца?! Мо трэ чвэрці да сьмерці, а ты што вытвараяш?! Кавалі Бераст. ЧЛУНКАХ. Па члунках разбіраць каго. Абгаворваць каго-н. Бабы збяруцца і па члунках разбіраюць другіх бап. Жылі Іўеў. (СПЗБ-5, 423). ● Члункі – суставы. ЧМУР. Чмур у вочы пускаць каму. Няўхв. Падманваць каго-н., гаварыць няпраўду. Ды ні слухай ты гэтага круцяля, ён табе чмур у вочы пуская. Газа Астр. (СГВ, 612). Вар. пускаць чмут (чмуту, чмур) у вочы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

выпя, зблажэў
12 👁