жабу на языку не спячэш – жаба на языку не спячэцца), словаўтваральныя (лезці смаліцай у вочы – лезці смалой у вочы), лексічныя (і куры не спяваюць (не пяюць, не кудакчуць, не сакочуць) – і куры не шэпчуць), канструкцыйна-колькасныя (ні ў зуб нагой ні ў рыла лапцем – ні ў зуб нагой), семантычныя (душой загавець 'стаць бяздушным, неспагадлівым, абыякавым' – душой загавець 'памерці'). 3. Уласна дыялектныя фразеалагізмы. Гэта выразы, пашыраныя на абмежаванай тэрыторыі і адсутныя ў літаратурнай мове (легчы ў карыта і чакаць пакуль свінні з'ядуць 'не праяўляць настойлівасці, не прыкладваць намаганняў для ажыццяўлення чаго-н., займаць пазіцыю чакання'; лавіць дарогу 'ісці, ехаць няроўна, з боку ў бок'). Гаворкі Гродзеншчыны на працягу сваёй гісторыі непасрэдна кантактавалі з польскімі і літоўскімі дыялектамі, з мовай ідыш, у апошнія два стагоддзі – з рускай мовай. Гэта спрыяла таму, што ў фразеалогію карэннага насельніцтва пранікалі элементы кантактных моваў. У актыўным ужытку і сёння захавалася нямала фразеалагізмаў з іншамоўнымі, пераважна польскімі, «украпінамі»: гнэмбіць муху, няма ніц, па дзісь дзень, як у дзюравым ворку, задраць гегні. Натуральна, і запазычанням належыць адпаведнае месца ў рэгіянальным слоўніку. РАЗМЯШЧЭННЕ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ Размяшчаюцца фразеалагізмы ў Слоўніку па апорным кампаненце, вылучэнне якога грунтуецца на марфалагічным (часцінамоўным) прынцыпе. У якасці апорнага абраны назоўнікавы кампанент. Гэтая роля назоўніку надаецца на той падставе, што ён самы «масавы», прысутнічае прыкладна ў 93 % усіх фразеалагізмаў. Вакабульны апорны назоўнік падаецца ў той яго форме, якая зафіксавана ў фразеалагізме: ВАДА. Вада не размые. ВАДЗЕ. У гарачай вадзе купаны. ВАДОЙ. Хоць вадой разганяй. ВАДУ. Брахаць на ваду. Калі ў фразеалагізме ёсць два ці больш назоўнікаў, то выбіраецца той, які стаіць першым: ПІР. Ні ў пір ні ў вір ні ў добрыя людзі. Да назоўнікаў прыраўноўваюцца і субстантываваныя часціны мовы, а таксама адвебіялізаваныя формы творнага склону, якія рэальна або этымалагічна выяўляюць адзнакі субстантыўнасці: БАГАТАМУ. Як багатаму па смерць. ЗІМОЮ. Зімою снегу не дапросішся. Пры адсутнасці назоўніка функцыю апорнага выконвае любая паўназначная часціна мовы, якая стаіць у фразеалагізме першай: ХТО. Хто куды. ДАЦЬ. Даць знаць. ЛЫС. Як і не лыс. У выключна рэдкіх выпадках, калі няма ніводнага кампанента, адпаведнага самастойнай часціне мовы, пад увагу бярэцца першы кампанент – службовая часціна мовы: АБЫ. Абы-абы. АНІ. Ані-ні. Фразеалагізмы падаюцца гнездавым спосабам. Загалоўкам гнязда запісваецца вялікімі літарамі назоўнік ці іншая часціна мовы ў пэўнай форме. Пад гэтым загалоўкам распрацоўваюцца ўсе фразеалагізмы з такой самай апорнай словаформай у алфавітным парадку па першым кампаненце: ДЗЮБУ. Засініць дзюбу
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зядуць
18 👁