РЫБА. Біцца (кідацца) як рыба аб лёд. З вялікімі намаганнямі старацца знайсці выхад з цяжкога, гаротнага становішча, але, як правіла, безвынікова. Біліся як рыба ап лёд, усё жыцё нешта рабілі, дый засталіся цяпер адныя. Студзянец Ваўк. Б'ецца як рыба аб лёд. Пальніца Гродз. (МСГВ, 581; ППФВ, 9). Б'юся як рыба аб лёд. Сакольнікі Свісл. (ППФВ, 11). Адна жыве зь дзецьмі, б'ецца як рыба аб лёт. Азярніца Сл. Б'ецца яна як рыба аб лёд з гэтым алкаголікам. Воля-Крупіцы Маст. Біцца як рыба аб лёд. Кулёўцы Гродз. (СНМ, 178). Сьцяпан кідаўся як рыба аб лёт у сваёй гаспадарцы. Свілы Воран. Ні рыба ні мяса. Няўхв. Неакрэслены, без ярка выражаных якасцей чалавек, які нічым асаблівым не вызначаецца. Ні нароўны той мне, якісь ні рыба ні мяса. Баброўнікі Свісл. Ці ж гэта настаўнік у школе? Нейкі ні рыба ні мяса. Рось Ваўк. Які з цябе чалавек – ні рыба ні мяса. Малі Астр. (СПЗБ-4, 322). Гэты хлопец некі нікчэмны, як кажуць, ні рыба ні мясо. Верцялішкі Гродз. Рыба ў рацэ. Невядома, ці ажыццявіцца што-н. Ні радуйся заранёў. Яшчэ рыба ў рацэ, яшчэ ці возьмя ён цібе. Бабіна Гродз. (ЗНФ, 63). Ці мало што людзі кажуць! А гэто яшчэ рыба ў рацэ. Дарашкевічы Шчуч. (ЗНФ, 63). ● Паходзіць з прыказак Рыба не ў руцэ, а ў рацэ; Не рыба, што ў рацэ, а рыба, што ў руцэ. Як рыба з вадой жыць. Вельмі дружна, у згодзе. Вот і нічога, жыве зяць з Міцкейчыхай як рыба з вадой. Лысая Гара Ашм. Як рыба ў вадзе. 1. Вельмі свабодна, натуральна і проста (паводзіць, адчуваць сябе). Каця паводзіла сябе як рыба ў вадзе. Радунь Воран. 2. Ціха, маўкліва. На судзе Коля дык сядзеў як рыба ў вадзе. Вольна Бар. Як рыба ў масле жыць. У поўным дастатку, без турбот і клопатаў. Вунь Янка жыве як рыба ў масьле. Цудзенішкі Ашм. РЫБАНЬКА. Рыбанька мая. Выкл. Выказванне добразычлівых пачуццяў да суразмоўцы. Увайдзеш на двор, а яна: «Ах любанька мая! Ах рыбанька мая!» Скоранька така баба была. Шылавічы Зэльв. (ДМГ, 72). РЫБЕ. Як рыбе парасон патрэбны. Іран. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Патрэбен ён табе як рыбе парасон. Дубна Маст. Каб і нага твая тут не ступала, ты мне як рыбе парасон. Сухінічы Маст. (СГВ, 618). Патрэбны ты мне як рыбе парасон. Жупраны Ашм. РЫБУ. За гнілую рыбу. 1. прадаць. Танна, за бясцэнак. – Ну, ці много за парасята ўзялі? – Ай, ні пытайса... Парасят было больш, чым купцоў. Прадалі за гнілую рыбу – пійсят рублей парачка. Бабіна Гродз. За ягады ўжэ много ні возьмяш, ні цэняцца, сёньнячы за гнілую рыбу прадала. Купіск Навагр. 2. прапасці. Зусім дарэмна, без усякай прычыны. За гнілую рыбу прапаў. Еленка Дзятл. (МСГВ, 591). Рыбу вудзіць. Драмаць седзячы. Толькі сядзя ў аўтобус, так адразу пачыная рыбу вудзіць. Багудзенка Навагр. Толькі рыбу глушыць чым. Насмеш. Што-н. нявартаснае, непрыгоднае. Пра рэчы, прадметы. Гэтай спаніцай толькі рыбу глушыць, а ні на гулі ў ёй хадзіць. Вольна Бар. РЫБЫ. Ад рыбы ногі засталіся. Іран. Нічога не (засталося). Дахат ляцеў, думаў, пад'ем смашнаго, а там усё ўжэ ізеўшы, нічого мне ні асталосо, асталіса ад рыбы ногі. Старая Руда Гродз. Налавіць рыбы. Звыч. дзіц. Абмачыцца. Што, ужэ налавіў рыбы? А я думаў, што ты ўжэ велькі, на гаршчок просіся. Квасевічы Івац. Ідзі мяняй падгузьнікі, Настуля налавіла рыбы. Бабіна Гродз. РЫГНІ. Хоць рыгні а давай і пад. Абавязкова, не зважаючы ні на што, любымі сродкамі. Хоць рыгні, а давай ёй гэтыя джынсы. Аляксандраўшчына Зэльв. Яму калі што захочацца, хоць рыгні, а давай. Бастынь Лун. РЫГУ. Паехаў (з'ездзіў) у Рыгу. Іран.-смяш. Званітавала каго-н. – О-о-о, добро пайшла [самагонка]. – Як гаворыцца, добро пайшла, але абяшчала вярнуцца. Глядзі, каб
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

бецца, бюся, зездзіў, падем
16 👁