Пад рукамі. Зусім побач, так блізка, што ў любы момант можна ўзяць. У мяне рагач заўша стаіць пад рукамі, бо патрэбны кажну хвіліну. Сапоцкін Гродз. (СНМ, 119). Вар. пад рукой (пад рукамі). Разводзіць рукамі. Бянтэжыцца, губляцца, здзіўляцца, не ведаючы, што рабіць, што параіць. Кажу, сам натварыў нядобра, цяпер разводзь рукамі. Корнадзь Свісл. (СГВ, 605). Быў такі начальнік, у яго што ні запытай, ён разводзіць рукамі. Уселюб Навагр. Рукамі і нагамі ўпірацца. Рашуча і неадступна (супраціўляцца). Людзі ўпіраліся рукамі і нагамі, каб не йсці на хутары. Паляцкішкі Воран. (СПЗБ-5, 217). Сваімі рукамі. Самастойна, саматужна (рабіць што-н.). Нігды нашы дзяды ні думалі аб машынах, рабілі ўсё сваімі рукамі. Зязі Воран. (МСГВ, 314). Сям'я бальшая, што нядзелю тые два пуды трэба сьпячы, замясіць было ўсё сваімі рукамі. Перстунь Гродз. (ДМГ, 176). Таўчыся пад рукамі. Няўхв. Замінаць у працы сваёй прысутнасцю. Як хлеп пяклі, та мы, дзеці, так і таўкліса пад рукамі – раговіша чакалі. Бяляны Гродз. (СНМ, 119). Таўчэсса тут пад рукамі ўсяроўно, як патрэбу якую маяш. Скамарошкі Гродз. (СНМ-2, 169). Вар. круціцца (таўчыся) пад рукамі. Ухапіцца рукамі і нагамі за што. З вялікай ахвотай выкарыстоўваць што-н. Я сказала маме, што хачу паехаць зь ёю ў горат, і яна ўхапілася рукамі і нагамі за маю просьбу. Дарагляны Маст. Чужымі рукамі жар заграбаць. Няўхв. Карыстацца вынікамі чужой працы. Сам то ён не вельмі да работы, а любіць чужымі рукамі жар заграбаць. Любча Навагр. Любіць чужымі рукамі жар заграбаць. Адэльск Гродз. (СНМ, 186). Гэты чалавек свайго нічого нікому ні дасьць, а так і глядзіць, каб дзе што ўрваць, любіць чужымі рукамі жар заграбаць. Моцевічы Лід. Як не сваімі рукамі. Неахвотна, неакуратна, нязграбна (рабіць што-н.). Глядзі зь левага боку, бо ўпадзе ўся пасуда, а то нясеш як ні сваімі рукамі. Пагранічны Бераст. Так я і рабіў, як не сваімі рукамі, а цяпер во перарабляць трэба. Курчоўцы Воран. Ты чысто мяці, а то робіш як ні сваімі рукамі. Бершты Шчуч. (СГВ, 617). РУКАЎ. Плакаць у рукаў. Няўхв. Скардзіцца на жыццё, на свой лёс, каб расчуліць каго-н., выклікаць спагаду. Прыдзя ў хату і пачыная скардзіцца, плакаць у рукаў. Жукевічы Гродз. Ганна цэлы дзень плакала ў рукаў – і тое кепска, і гэто ні так, аж надаело слухаць. Багудзенка Навагр. РУКАХ. Гарыць (гарэла) у руках у каго, чыіх. Ухв. Хто-н. робіць, выконвае што-н. энергічна, хутка. Мой гаспадар як возьмецца, то ў яго дзела гарыць у руках. Галубы Маст. У яго проста ўсё гарыць у руках, за што ні возьмяцца. Зарачаны Ваўк. (СГВ, 584). Спраўная баба, усюды подбегам, усё ў яе руках гарыць, куды ні глянь – парадак. А то другая капышкаіцца цалы дзень, а знаку німа. Косцевічы Астр. (СРЛГ, 55). Усё гарыць у руках у гэтага ўмекі, што ня возьмя. Купіск Навагр. (НС-ць, 48). Гаспадыня мая рухлая, усё ў руках у яе гарыць. Каты Сл. (СГВ, 416). Маёй сястры чалавек быў такі сібірны, што не любіў размаўляць, а рабіць усё рабіў, аж гарэла ў руках. Рыбакі Сл. (СГВ, 430). Хапаткі, Іван, твой сын, за шчо ні возьмяцца, усё гарыць у яго руках. Заполле Івац. (ДСК, 238). Звінны чалавек, у яго руках усё гарыць, за шчо ні возьмяцца. Заполле Івац. (ДСК, 92). На руках чыіх. На чыім-н. утрыманні, забеспячэнні, клопаце. Засталася адна- адненькая. Няма што, давай як рабіць: гаспадарка на маіх руках. Галавачы Гродз. (БФ, 76). На руках насіць каго. Вельмі шанаваць каго-н., аказваць асаблівую ўвагу каму-н. Як жаніўся, абяшчаў міне на руках насіць. Грынкі Свісл. Мужык яе вельмі цаніў, на руках насіў. Азярніца Сл. У руках гарыць. Гл. гарыць (гарэла) у руках
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

сямя
12 👁