ПАРЫ. Без пары. Нечакана, не ў свой час, датэрмінова. Ні хацеў лячыцца – бес пары
пайшоў на той сьвет. Бабіна Гродз. Тармантоўка бяс пары зламалася, няма чым пісаць.
Залессе Шчуч. (СГВ, 480).
Да пары да часу. Часова, не заўсёды так будзе. Пачакай, гэта ўсё да пары да часу, як
прыйдзе бацька, ён другім стане. Каменка Бераст.
І пары з губы (з губоў, з зубоў) не пусціць (не выпусціць). Не сказаць нічога
лішняга, маўчаць. От ёй можна даверыць, яна й пары з губы ні пусьціць, чалавек
надзёжны. Старчаняты Іўеў. А яе бі ці ні бі – ўсё раўно будзя маўчаць, і пары з губоў ні
пусьціць. Задвор'е Зэльв. Стары і пары з зубоў не выпусьціў, віду не падаў, што ведае.
Вішнева Смарг. Лісоўскі як трэба заступіцца за каго, то сядзіць і пары з губы не пусьціць.
Гальшаны Ашм. (ЗНФ, 40). А Мішка толькі слухая цэлы вечар, а сам і пары з губы ні
пусьціць. Таркачы Дзятл. (ЗНФ, 40). Стась і пары з губы ні пусьціў усю дарогу.
Майсеевічы Ваўк. (ЗНФ, 40).
Ісці з пары´. Моцна турбавацца, непакоіцца, перажываць. Юлясь паехаў у Ліду ўчора,
і яшчэ дзісь няма, то старая ідзе с пары, ня ведая, дзе дзеўся. Пеляса Воран.
На па´ры прыехаць. Іран. Прыйсці са школы з атрыманай на ўроку адзнакай «два».
Наш хлапчак ізноў на пары дахаты прыехаў, разьбярыся ты зь ім. Талькаўцы Ваўк. Што
ходзіш як міскі пабіўшы, можа, на пары сёньня прыехаў? Граўжышкі Ашм.
Прыехаць на пары сваіх. Гумар. Прыйсці пешшу. Ад нашай вёскі нідалёка – сь пяць
кіламетраў, то я аттуль прыехаў на пары сваіх. Сімакава Карэл.
ПАСАДУ. Сесці ў пасаду як чорт у расаду. Няўхв. Заняць важнае ці выгоднае,
даходнае месца (на працы, на службе). Іванавіч цяпер рукі пагрэя, як стаў старшынёю
сельсавета, сеў у пасаду як чорт у расаду. Бярозаўка Лід.
ПАСАЛІЎШЫ. Пасаліўшы можна есці (з'есці). Жарт. Не самы горшы, які пры
адпаведных умовах можа прыгадзіцца. Пасаліўшы, можна есці. Тужаўляны Гродз.
(СНМ, 190). Пасаліўшы можна з'есці. Лаша Гродз. (ППФВ, 50).
ПАСВЕНЧАНЫ. Як пасвенчаны. Ціхі, спакойны, рахманы. Янак Лёнчыкаў такі
ўжо ш, як пасьвенчаны ўсядно, ні ён каму ў вочы кідаіцца. Мардасы Ашм. Палучыў дзягі,
то цяпер як пасьвенчаны. Паляны Ашм.
ПАСВІСЦЁЛ. Як пасвісцёл. Іран. Высокі і худы. Хлопяц яе як пасьвісьцёл вырас...
Вырас пад небо, а дурны, як трэбо. Карозічы Гродз. (СНМ, 175).
ПАСЕДУШКІ. На пасе´душкі. На вячоркі. Хадзіла да сусеткі на паседушкі. Заполле
Маст. (СГВ, 341). Вар. на пасядушкі (на паседушкі).
ПАСЛЕДНЯЕ. Як паследняе ў жорны засыпаўшы. Вельмі марудна, памалу (рабіць
што-н.). Каня ні паганялі, бацька вёс нас як пасьледняя ў жорна засыпаўшы. Седліска
Воран.
Як паследняе ў печ кінуўшы хадзіць і пад. Прыгнечана, разгублена, з дрэнным
настроем. Пасля ад'езду бацькі яна хадзіла як паследняе ў печ кінуўшы. Чуркі Ашм.
Вар. як апошняе (паследняе) у печ высыпаўшы (усыпаўшы, кінуўшы).
Як паследняе ў печ усыпаўшы. У стане засмучанасці, маркоты, упадку сіл (сядзець
і пад.). Зайшла да яе, а яна сядзіць як пасьледняя ў печ усыпаўшы. Адно парася было і тоя
здохла. Таўрэлі Воран. Вар. як апошняе (паследняе) у печ высыпаўшы (усыпаўшы,
кінуўшы).
ПАСТАВІЦЬ. Паставіць на сваім. Дамагчыся свайго, зрабіць па-свойму. Такі малы,
а настырны, хоць што, то паставіць на сваём. Турэц Карэл. (МСГВ, 309). Усё ты любіш
прававацца, каб на сваём паставіць. Загор'е Карэл. (СГВ, 370). Заценты хлопяц, як
упрэцца, усероўно на сваім паставіць. Навасёлкі Гродз. (СНМ, 56). Ён ведае, што ні праў,
а ўсероўно стараецца пераперці, паставіць на сваім. Солы Гродз. (СНМ-2, 172).
ПАСТАЛА. Як з пастала´ ляпнуць. Няўхв. Абы-што (сказаць). Ні падумаў, што
сказаць, і ляпнуў як с пастала. Машталеры Гродз
Дадатковыя словы
адезду, загоре, задворе, зесці
8 👁