АСКОМУ. Нагнаць аскому. Надакучыць. Як дарваўсё Міхась да баяна, дык граў і граў, аж нагнаў аскому сваім граньням. Ананічы Дзятл. АСЛА. Як у асла розуму. Асудж. Вельмі мала, зусім няма. Робіць усё ні так, як трэба, розуму як у асла. Валеўка Навагр. АСЛОЎ. Як сто аслоў дурны. Зневаж. Зусім (неразумны). Ты дурны як сто аслоў. Смілавічы Чэрв. АСНОВА. Як аснова хадзіць. Няўхв. Без справы, без сур'ёзнага занятку. Чаго ты ходзіш як аснова? Ці ш табе работы німа? Нёўда Навагр. Што ёй рабіць, курэй пакорміць – і ўсё, а тады возьмя палку і соваяцца па полі як аснова. Бабіна Гродз. АСТАТКІ. Астаткі ў печ высыпаць. Скончыць якую-н. працу, справу. Мусіць, астаткі ў печ высыпаў. Бяцюны Ашм. (ППФВ, 44; МСГВ, 599). АСТРАЎЦЫ. Як у Астраўцы рух. Жарт. Вельмі інтэнсіўны. Пра рух людзей. Перат сьвята ў хаця рух як у Астраўцы, усё трэба пасьпець зрабіць да вячэрняй зоркі. Старая Рудня Смарг. АСТРОЎЛЯ. Астроўля плача па кім. Няўхв. Хто-н. нервовы, псіхічна неўраўнаважаны, заслугоўвае псіхіятрычнай шпіталізацыі. Што ты ляціш да міне с кулакамі!? Па табе ўжэ даўно Астроўля плача. Божа мой Божа! Шосты дзісятак ідзе, а ў галаве фіёлкі! Лунна Маст. Ну і што ты нарабіў, хіба мазгоў ні меў, а яшчэ і псіхуеш. Божа мой, дык па табе Астроўля плача. Крупава Лід. (Хітр., 60). Чаго кідаеся на людзей без дай прычыны? Здурэў, мусі. Астроўля па табе плача, лячыцца трэба! Бярозаўка Лід. (ДСГБ, 57). ● Астроўля – населены пункт у Лідскім раёне, дзе знаходзіцца псіхіятрычная ўстанова. АСЫПАНА. Як асыпана чаго. Вельмі многа чаго-н. дробнага. На дзвёх грушах пуч'я як асыпана. Мсцібава Ваўк. (СПЗБ-4, 199). АСЯНІНЕ. Хадзіць па асяніне. Устар. Паводле звычаю, восенню (на Дзяды) наведваць вясковых гаспадароў з мэтай атрымання даніны (збожжа, бараніны і інш.). На Дзеды калісьці ў нас пастыр [пастух] хадзіў па асяніне, давалі яму па лусце хлеба, па сем хунтаў жыта, нікаторыя гаспадарэ давалі па лапаццы бараніны. Лаша Гродз. (СНМ, 15). ● Хадзілі па асяніне звычайна «грамадскія» людзі: святары, настаўнікі, пастухі, карчмары. АТОЧАНЫ. Як аточаны. Сыты, круглы, укормлены. А паршук сыты, сыцянькі, кругленькі, як аточаны. Вялікія Баяры Шчуч. (СПЗБ-3, 415). АЎГУСТ. Як Аўгуст на петушках зарабіць. Ніколькі, зусім не (зарабіць). Во, дабыў добрыя гаўчыны, але сын ня хоча шыць кажух, а ў мяне свой ёсць, вось і зарабіў, брат, як Аўгуст на петушках. Пагародна Воран. (СГВ, 613). АЎЦА. Як блудная аўца адна. Зусім. Маю сямнаццаць праўнукаў і дзесяць унукаў, усіх памагала гадаваць, а ціпер адна як блудна аўца. Жыву ў сваім доме, трымаю кватэрантку, якая мне і дапамагае. Улезлы Ваўк. АХВАТУ. Не прыходзіць да ахвату. Не магчы ўсяго набраць, не ведаць, што яшчэ выбраць. Пра вялікую колькасць і разнастайнасць якіх-н. прадметаў, рэчаў. Гэта ш навезьлі ўсякай рыбы ў магазін, і марожанай, і селенцаў у бочках, што людзі не прыходзілі да ахвату, ні маглі да ахвату прыйсьці. Гнесічы Навагр. АХВОТУ. З ахвоту. Са страху. З ахвоту я ні паглядзела, што тамачы ляжыць, а схапілася за сякеру. Ваўкавічы Навагр. АХРЭПАМ. Ахрэ´пам у вочы лезці. Няўхв. Нахабна, бесцырымонна патрабаваць, назаляць, дакучаць. Ахрэпам у вочы лезя, ні ўстыдаяцца: давай ёй каня і ўсё. Бранцы Шчуч. Вар. ахрэпам (вохрапам) у вочы лезці. ● Ахрэпам – напорыста. Ахрэпам лезці да каго. Асудж. Нахабна прыставаць да каго-н. Яе хлопяц да дзевак ахрэпам лезя, каб зь ім гулялі. Лагоды Шчуч. (СГВ, 45). Вар. ахрэпам (вохрапам) у вочы лезці
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

пучя, сурёзнага
17 👁