АПЛАТАК. Як аплатак. Вельмі худы. Ты як аплатак той, свецісься ўся. Пескі Маст.
АПЛОЦІНАЙ. Як аплоцінай па вадзе. Няўхв. 1. каму. Нічога не дзейнічае на каго-н.,
не даходзіць да каго-н. І прасіў, і маліў, а яму як аплоцінай па вадзе. Ваўкавічы Навагр.
2. Без толку, абы-што (сказаць). От, сказаў ты нешта, як аплоцінай па вадзе. Ваўкавічы
Навагр. ● Аплоціна – жэрдка для агароджы.
АПОШНЯЕ. Апошняе з рота вырве. Няўхв. Вельмі прагны, сквапны. Ні натто ёй
паказвай, бо гэта такая баба – апошняе з рота вырвя. Ананічы Дзятл.
Як апошняе ў печ высыпаўшы (усыпаўшы). У стане задуменнасці, маркоты,
упадку. Збедніўся, як апошняе ў печ высыпаўшы. Залескія Воран. (ППФВ, 30). Глядзела,
як апошняе ў печ усыпаўшы. Грандзічы Гродз. (ППФВ, 16). Вар. як апошняе (паследняе)
у печ высыпаўшы (усыпаўшы, кінуўшы).
АПЯЦЬ. Апяць дваццаць пяць. Тое самае, адно і тое ж. Колькі рас я казала, каб
дровы прывёс, а ён – апяць дваццаць пяць: вос паломаны, німа чым строіць. Малі Астр.
Я кажу свайму чалавеку, кап хутчэй ішоў, а ён апяць дваццаць пяць, сваё правіць. Малыя
Эйсманты Бераст. (СГВ, 578). ● Параўн. рус. опять двадцать пять 'тс'.
АРЛОМ. Арлом вераб'я назваць. Незаслужана пахваліць каго-н. Гэта ж усім
пераказвая, як яго пахваліў пратсядацяль, а той арлом вераб'я назваў. Дашкаўцы Маст.
(СГВ, 578).
АРТЫКУЛЫ. Усе артыкулы знае. Ухв. Вельмі разумны, кемлівы. Во дзіця, усе
артыкулы зная, ужэ яго ні абдурыш. Шчорсы Навагр.
АРХІП. Архіп лозаўскі. Асудж. Гультаяваты чалавек. Архіп ты лозаўскі!.. Сколькі
лынды можно біць, нічого ні рабіць!? Хадзілоні Шчуч.
АРШЫН. Аршын з шапкай. Жарт. Малы, нізкарослы. Мужык у Соні хоць аршын ш
шапкай, але ш працавіты. Мыслава Сл. (СГВ, 578).
АРШЫН. Мераць на свой аршын каго, што. Меркаваць, ацэньваць каго-, што-н. па-
свойму, са свайго пункту гледжання. Не мерай усіх на свой аршын! Малі Астр. (СПЗБ-3, 58).
АРШЫНАМ. Аршынам мераць каго. Біць, лупцаваць каго-н. Сваю жонку чуць ні
кожны дзень аршынам мерая, і як яна церпіць. Зэльва Зэльв.
АРЭНДА. Сухая арэнда. Дармаўшчына, тое, што за нішто дасталося каму-н. – Мусі,
кіль [кілаграмаў] пяць будзя [рыбы]? А дзе ўзёў? – Рыбакі далі, бо наглядоў, каб брыгадзір
ні наскочыў. – Гэта ш табе так пашыхавала, лічы, што сухая арэнда. Бершты Шчуч.
(ЗНФ, 67). Дастоў сухой арэнды, а ціпер, мусі, пасьмейваецца. Бабіна Гродз. (ЗНФ, 67).
● Сухая арэнда – у мінулым беспадстаўная плата за сельскагаспадарчыя, лясныя і інш. угоддзі,
хоць сяляне імі не карысталіся, напрыклад, паша ў лесе, хоць жывёлу ў лес не ганялі.
АРЭХАМ. Арэхам падзеліцца. Ухв. Вельмі добры, шчодры, чулы, спагадлівы. Наш
сусет добры чалавек, арэхам падзеліцца. Ляпёшкі Іўеў. Ну, не гавары, другі Жэнькі сын ні
то, што першы, гэты арэхам падзеліцца. Зінявічы Воран. (ЗНФ, 18). Вар. адным
арэхам (гарэхам) падзеліцца.
АРЭХІ. На арэхі зарабіць. Здорава, як след. Пра пакаранне, наганяй. Глядзі, ні натто
тут адрабляйса, ба заробіш на арэхі, пакаштуяш дупца. Бабіна Гродз. Заробіш ад бацкі
на арэхі! Атвержычы Стол. Вар. на арэхі (на клёцкі).
Як арэхі шчоўкаць. Лёгка спраўляцца з чым-н. Задачкі рашае сходу, як арэхі
шчоўкае. Каменка Шчуч. Задачы як арэхі шчоўкае. Майсеевічы Ваўк.
АСА. Як аса ў вочы лезці. Няўхв. Неадчэпна, надакучліва. Ну чаго ты мамкаеш,
лезеш як аса ў вочы, займіся якою работаю! Лозкі Дзятл.
Якая аса ўкусіла каго. Што здарылася з кім-н. Чаму ты такі злы, якая аса цябе
ўкусіла? Хорашава Навагр.
АСАДАК. Выпасці ў асадак. Быць моцна ўражаным, здзіўленым ад пачутага,
убачанага. Я як дазналаса, што Жанка забярэмяняла, та выпала ў асадак, ні знала, што
й сказаць. Новая Руда Гродз
Дадатковыя словы
верабя
20 👁