Запусціць жураўля. Абмачыцца, схадзіць пад сябе. Пра дзяцей. Уставай, мой маленькі!... Запусьціў жураўля... Мо злавіць ужэ пара... Сурынка Сл. ЖЫВАТОМ. Жыватом качацца. Хварэць на страўнік. Як наясіся зялепухаў, жыватом будзяш качацца, – яны шкодзяць. Грабава Зэльв. (СНМЗ, 53). ЖЫВАТЫ. Брацца за жываты. Моцна і шчыра, ад душы смяяцца. Чэсь як пачаў расказваць пра свае прыгоды, дык мы браліся за жываты. Малыя Эйсманты Бераст. (СГВ, 580). Як пачаў гаварыць, аткуль словы ў яго бяруцца. І як скажа, як скажа, ажно за жываты бяруцца ўсе. Дарагляны Маст. (СБНФ, 94). Так рассмяшыў нас Раман ля магазіна, аж панкалі ад смеху, аж за жываты браліся. Ятвезь Івац. (ДСК, 168). Жываты парваць. Вельмі моцна і доўга, да знямогі смяяцца. Хлопцы яг збяруцца, то чаго ні прыштукоўваюць, адно жываты парваць, слухаючы іх. Лелюкі Іўеў. (СГВ, 386). Які штукантны дзяцюк, як прыдзя да нас, то ўсе жываты парвуць ад рогату. Кашалёва Навагр. (СГВ, 564). За жываты брацца. Гл. брацца за жываты. ЖЫВАЦЕ. Плячысты ў жываце. Іран. Тоўсты хто-н. Яшчэ такі малады, а ўжэ плячысты ў жываце. Вострава Маст. Як у матчыным жываце жыць. Вельмі добра, без турбот і клопатаў. Волька робіць на фермя, маці ў хаце, наварыць і падасьць, то жыве як у матчыным жываце. Беліца Лід. (СГВ, 620). Жыве як у маччыным жываце, на ўсім гатовым. Чаплі Лід. ЖЫВОЕ. Задзець за жывое каго. Усхваляваць, растрывожыць, пакрыўдзіць каго-н. У яго такі харакцяр, так і стараяцца задзець чалавека за жывое. Каменка Бераст. Узяць за жывое каго. Усхваляваць, растрывожыць, пакрыўдзіць каго-н. Як сказала Барысіха ў магазіні, што эта мая Галя так зрабіла, міне аж узяло за жывоя. Мількаўшчына Гродз. ЖЫВОМУ. Рэзаць па жывому. Прычыняць душэўны боль. Спомнілася былое, успаміны рэжуць па жывому. Дубна Маст. ЖЫВОТ. Жывот да грудзей прысох у каго. Жарт. Хто-н. вельмі золажэў, схуднеў. Нешто ў цібе жывот да грудзей прысох, мусі, жонка ні корміць. Воўпа Ваўк. Жывот да спіны прырос у каго. Жарт. Хто-н. вельмі золажэў, схуднеў. У магазіншчыцы дык жывот да сьпіны прырос, як усё падаражала, дык сабе нічога ўзяць ні можа. Зенявічы Навагр. Жывот да спіны прысох у каго. Жарт. 1. Хто-н. вельмі золажэў, схуднеў. Дакуль ты, дзяўча, будзяш худзець, у цібе ўжэ жывот да сьпіны прысох. Мілявічы Маст. 2. Каму-н. вельмі захацелася есці. Баба, дай чаго паесьці, а то жывот да сьпіны прысох. Драпава Сл. Жывот на нос лезе ў каго. Іран. Хто-н. вельмі тоўсты, пузаты. Сама худая, а ў мужыка жывот на нос лезя. Мацвееўцы Ваўк. Жывот на носе вісіць у каго. Іран. Хто-н. вельмі тоўсты, пузаты. Відаць, табе добро жывецца, калі жывот на носі вісіць. Яна такая тонкая, а ў яго жывот на носе вісіць. Падбалоцце Зэльв. Жывот пайшоў да хрыбятняй косці ў прымакі. Гумар. Хто-н. вельмі золажэў, схуднеў. Страх як высахла, жывот пайшоў да хрыбятняй косьці ў прымаке. Купіск Навагр. Жывот плача ў каго. Каму-н. вельмі хочацца есці. Давай перакусім, бо ў міне ўжэ жывот плача. Лозкі Дзятл. Жывот прысох да хрыбятняй косці ў каго. Гумар. Хто-н. вельмі моцна прагаладаўся. Пасьля гэтага паходу ў мяне жвот прысох да хрыбятняй косьці, ваўка магу зьесьці. Хутар Праважа Воран. Але ш прагаладаўся, жывот прысох да хрыбятняй косьці. Янаўляны Лід. Жывот у тры столкі ў каго. Іран. Хто-н. ненасытны, ненаедны. І дзе ў яго што дзяецца? Есьць і есьць. Хіба жывот у тры столкі ці што? Пачарнейкі Свіл
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зблажэў
13 👁