Даць духу. 1. Многа зрабіць, выканаць. Ты ўжо ўверадзілася, дала духу! Міратычы Карэл. (СПЗБ-5, 168). 2. Скеп. Мала зрабіць, выканаць; не перапрацавацца. Ну ты й даў духу – за паўдня адзін радок буракоў прайшоў! Хіба дзе пат кустом спаў? Лагады Шчуч. Даць духу як чорт у кажу´ху. Скеп. Мала чаго-н. зрабіць, выканаць; не перапрацавацца. Гэта ўсяго столькі зрабіў?! Аля ш і даў духу як чорт у кажуху. Асташа Гродз. Духу набрацца. Адважыцца. Пакуль духу набраўся, кап патанцаваць з Ядзяй, то й вечарынка скончылася. Бершты Шчуч. (СГВ, 588). Духу не ўказаць. Атрымаць жорсткае пакаранне, каб непанадна было. Як дам па вязах – духу ні ўкажаш. Чамяры Сл. (ЖС, 154). Вось як збоўчу кулаком па галаве, дык і духу ні ўкажаш. Чамяры Сл. (НЛ, 51). Каб і духу не было каго, чыйго. Выкл. Пагард. Выказванне катэгарычнага патрабавання, каб хто-н. тут жа знік і больш не паказваўся. Апрач хату, і каб духу твайго тут не было. Ёдчыкі Івац. (ДСК, 23). Трэ было іх патурыць, каб і духу іх ні было. Пагараны Гродз. (СНМ-2, 169). А ён хто табе, трэбо было вытурыць с хаты, каб і духу яго ні было. Віцькі Гродз. (СНМ-2, 42). Забірай свае прычындалы і ўцякай, кап тваго і духу тут ні было. Грыўкі Гродз. (СНМ-2, 187). Каб і духу не пачуць каго, чыйго. Выкл. Пагард. Выказванне катэгарычнага патрабавання, каб хто-н. тут жа знік і больш не паказваўся. Мой чалавек як трынкня дзе якую чарку, то хуччэй спаць ідзе, каб і духу яго не пачула. Уша Карэл. (СГВ, 490). Не ў духу. Без настрою. – Чаго ж гэта ты не ў духу? – А, не пытай, нешта не здаровіцца! Кожава Карэл. (СБНФ, 177). Што было духу ў каго. Вельмі хутка (бегчы, уцякаць). Як узяў нас страх, думалі, што нічыста сіла гэто нас заступіла. Ды давай мы зь ёю ўцякаць што было духу. Крапіўніца Свісл. (ДМГ, 13). ДУША. Адкрытая душа. Шчыры чалавек. У нас мама такая аткрытая душа, нічога не можа стрымаць, усё скажа. Араны Ваўк. (СГВ, 576). Аж душа выскоквае ў каго. Каму-н. становіцца вельмі страшна. Думала, што зьмяя паўзе, а гэта вяроўка матляяцца. Ага, табе сьмешна, а ў мяне аж душа выскоквая. Волькавічы Ашм. Аж душа радуецца. Ахоплівае радаснае хваляванне. У нас самакоп капая картоплячку, аж душа радуяцца. Буйкі Астр. (СГВ, 423). Аж душа ў пяткі зайшла каму. Хто-н. моцна спалохаўся, адчуў моцны страх. Як апынуліся ў лесе ноччу, аж душа ў пяткі зайшла. Стараўшчына Шчуч. (СГВ, 577). Душа баліць у каго, чыя. Хто-н. адчувае ўнутраны неспакой, душэўныя пакуты, моцна хвалюецца, перажывае, трывожыцца. Як паглядзіш на тэразьнейшую маладзеш, то душа баліць. Кап калісьці так рабілі бо мы, то бацька, кап узяў дрын ды паміж вачэў як перавёў, то й досіць было п. Пераганцы Воран. (ДМГ, 99). Усе кажуць, красівы, добры хлопяц Манін. С твару то ён нічога, а ўсярэдзіні то, напэўно, чорно. І маччына душа баліць, што дзяўчо харошаё, малодоё і такую поскудзь сустрэло. Падгайная Карэл. (СБНФ, 82). Душа вон выйшла ў каго. Хто-н. памёр. Як упаў на зямлю Іван, дык душа вон і выйшла. Гудзевічы Маст. Душа вылятае (вылеціць). Прыходзіць канец каму-н. Па палаўні [у другой палове дня] ні пойдуць, дзе яны пойдуць, па полі душа вылятая ад холаду. Мсцібава Ваўк. (СПЗБ-3, 396). Душа вылеціць: на гэтым полю па цэлых днях. Мсцібава Ваук. (СПЗБ-2, 110). Душа вяне ў каго. Хто-н. адчувае задавальненне, замілаванне, прыемнае хваляванне ад чаго-, каго-н. Так вось і падружыліся мы, як убачу яго – у мяне душа вяне, такі ён быў любы. Дайлідкі Астр. Як зайграюць люцкія музыканты, душа вяне, ні атслухаясься. Магуны Воран. (СГВ, 589). Вар. душа (сэрца) вяне
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
11 👁