а ні ў плуг запрагаць. Занявічы.
Высыпка ж. Сып. Пасля гэтай грыпы нека высыпка пашла на губах; кажуць, аслажненя дала. Калеты.
Высярбаць зак. Выхлебтаць. Маіх дзіцей ні трэбо было падганяць есці; колькі ні налі — усё высярбаюць і ашчэ папросяць. Каленікі.
Высяўкі мн. Высеўкі /пра тое, што адлучана ў працэсе прасейвання /. На гэта рэшато натто много высяўкаў, палова адыдзе, вазьмі вось гэта, гусцейша. Карозічы.
Вытрываць зак. Вытрываць, выцярпець, сцярпець. Ні магу вытрываць, гэта кап хто чужы рабіў, а то ж родны сын. Доргунь.
Вытурыць зак. Выгнаць, выправадзіць /груб./. А ён хто табе, трэбо было вытурыць с хаты, каб і духу яго ні было. Віцькі.
Выфранціцца зак. Франтавата адзецца; прыбрацца, прыадзецца. Глядзі, кожную нідзелю сэбе выфранціцца і ўсе недзе ідзе, у хаці ні сядзіць. Палаткова.
Выфураваць зак. Тое, што і вытурыць. Нараві, браток, а то с хаты можа выфураваць, і нічого ні зробіш, закон такі. Сапоцкін.
Выхаванка ж. Прыёмная дачка. Выхаванка — гэта хто чужую дзеўчыну бярэ на выхаванне, дзіцей сваіх ні мая. Хамякі.
Выхіліцца зак. Паказацца, высунуцца. Наша баба зімой баіцца і с хаты выхіліцца, усе ёй халадно, знабіць. Каўпакі.
Выцавэркі мн. Ласункі, прысмакі, марцыпаны. Мой мужык на адных выцавэрках жыве, быля чаго ні хоча есці. Кунцаўшчына.
Выцадзіць зак. Выцадзіць, паволі выпіць. Мой нігды ў бутэльцы ні пакіне, усё да каплі выцадзіць. Індура.
Выцвічыць зак. Вымуштраваць. Яна так сваго мужыка выцвічыла, што той як па нітаццы перад ею ходзіць. Шабаны.
Выцек м. Выток. Кажуць, выцек Ласасянкі недзе аж у Польшчы, нідалёко Кузніцы. Бакуны.
Выцерабіць зак. 1. Выцерабіць, высечы, ссячы. Трэбо было лес выцерабіць, та ягады і грыбэ былі б, а ў гушчарэ нічого ні хоча расці. Каробчыцы. 2. перан. Выесці, з'есці ўсё. Што і казаць, здаровы чалавек як сядзя, так міску капусты і выцерабіць. Пракопавічы.
Выцілінгваць незак. Іграць на струнным музычным інструменце. Бало, сядзе пат хату і давай выцілінгваць на мандаліні усялякія полячкі, любо слухаць. Жукевічы.
Выцыганіць зак. Выпрасіць. У гэтаго скнэры цяшко чаго выцыганіць, як жыве, ён нігды нікому нічого ні даў. Сухая Даліна.
Выць незак. 1. Выць, працяжна і тужліва скуголіць. Чуяш, як сабакі выць сталі, мусі, якую беду чуюць? Каменка. 2. Утвараць падобныя на выццё гукі. Відаць, непагадзь якая будзя, бо вецяр за вугламі стаў выць, патсвіствaць. Падліпкі.
Выцяпкаць незак. Выцягнуць ніткі з тканіны для вышыўкі /мярэжкі/. Пакуль вышываць, та я спачатку стараюса выцяпкаць ніці, а тады ўжэ вышываю. Грыўкі.
Выцераб м. Выцераблены, прарэджаны лес. Мы на выцяраб усе па грыбэ хадзілі, кожны раз набярэш. Струбка.
Вычаўпляць незак. Вырабляць, тварыць, вычвараць, дурэць. Эх, гарэліца мая, што ты вычаўпляеш, ты над намі, мужыкамі, літасці ні маеш /прыпеўка /. Баброўня.
Вычвараць незак. Тое, што і вычаўпляць. Ні трэбо тут мне вычвараць, жыві так, як усе людзі жывуць. Круглікі.
Вычухацца зак. Справіцца з цяжкімі абставінамі, хваробай; акрыяць, ачуняць. Як прычапіласа да хлопца трасца, та ледво неяк вычухаўсо, месяцаў тры трасла. Зарубічы.
Вычытваць незак. Прычытваць, прычытаць, галасіць. Яна як убачыла тату, так і стала на ўсю хату вычытваць, рукі ламаць. Жылічы.
Вышмыгаць зак. Астудзіць хату, часта адчыняючы дзверы. Дзеці чысто хату вышмыгалі, хоць ваўкоў ганяй, халадно. Лаша
89 👁