бо нацягаць, а ногу ў бот — шлыг, і ты хутко абуты. Балічы.
Шлыгацца незак. Совацца. Твае чаравікі мне не падыдуць, завелькія, ногі ў іх будуць шлыгацца. Баброўнікі.
Шлэкаць незак. Ісці кульгаючы, дыбаць. Ён быў зусім ні хадзіў, тулькі ціпер стаў на двор выходзіць, с кійком шлэкае. Лаша.
Шлэндаць незак. Бадзяцца, траціць час, сланяцца без справы. І хочацца яму шлэндаць у такую пагоду, гэта ш такая макрата, усё раскісло. Няцечы.
Шлюб м. Шлюб, шлюбнае жыццё. Шлюб пат плотам, а вяселе — потым /прымаўка/. Пракопавічы.
Шлюмпарка ж. Прастытутка /лаянк./. Ой, шлюмпарка гэта, хто яе ні ведае, яна ўсюды пабывала. Гродна.
Шлюха ж. Прастытутка /лаянк./. Што і казаць, шлюха гэта, с кім яна ні цягаласа, с кім ні жыла. Гродна.
Шляг м. Беражок; аблямоўка ў тканіне, хустцы. Натта ш пекны шляг у гэтай хусцінцы, паглядзі, во які. Эйсманты.
Шляга ж. Шляга; прылада для трамбавання; дубіна з патоўшчаным канцом. Шлягай як даў па лёдзі, так рыба і вывернуласа ўверх жватом, заблішчала. Балічы.
Шлямаваць незак. Чысціць кішкі, рыхтаваць іх для вырабу каўбас. Кішке ў паршука зусім ні моцныя, німа як шлямаваць, рвуцца пад нажом. Карозічы.
Шляхнуць зак. Прапасці, загінуць. Пасля гэтых прымараскаў бульба можа зусім шляхнуць, бычыш, як пачарнела. Свіслач.
Шляхта ж. Дробнапамеснае дваранства. Што ціпер рабіць будзем, панове шляхта, з чаго пачнем? Хліставічы. Шарачкова шляхта — збяднелае дробнапамеснае дваранства. Шарачкова шляхта ў Скрабляках, кажуць, жыла зусім бедна, зямлі мало было. Адэльск.
Шляхціц м. Шляхціц, дробнапамесны дваранін, жыхар засценка. Шляхціц хоць абдзёрты, але гонар свой трымаў, быля с кім ні гаварыў. Літвінкі. Хлясцік, паясок у вопратцы, прышыты ззаду. Шляхціц у бурцы адарваўсо, паглядзі: бэнтаецца. Свіслач. Шляхціц-махціц — празыўка шляхты. Шляхціц-махціц кундаляў сын, ззеў гаўно — думаў, што сыр /выслоўе/. Балічы.
Шляхцюк м. Шляхціц-падлетак. Глядзі, некі модны шляхцюк прышоў на гуляне. Квасоўка.
Шляя ж. Шляя, частка конскай збруі. У нас шлеяў ні было, гэта ў Адамавічах ці ў якіх Рацічах тулькі ездзілі ў шляях. Бакуны.
Шмагло прысл. Важка. Вазьмі лепей гэты цэп, ён шмагло б'е, добро ім малаціць. Рагачы.
Шмаглы прым. Важкі, гнуткі, пругкі. На, вазьмі гэты дубец, шмаглы, добро будзя кабылу паганяць. Горніца.
Шмалец м. Шмалец, гусіны тлушч. Во, паглядзі, сколькі шмальцу з гускі натапіла, цэлу міску. Верхнія Пагараны.
Шмаравідло н. Каламазь, калёсная мазь. Купі шмаравідла ды калёса пашмаруй, а то рыпяць, як едзяш, на ўсю аколіцу. Рацічы.
Шмаргануць зак. Моцна ўдэрыць. Як шмаргануў па каню пугай, та той аж задам закруціў. Кашэўнікі.
Шмігло н. Прапелер. Паглядзі, як шмігло ў самалёці работае, ні згледзіш, як круціцца. Караліно.
Шморгаць незак. Шморгаць, чмыхаць. Ты чо стаў носам шморгаць, мусі ні падабаецца, што табе кажу? Лаша.
Шмургаць незак. Кідаць са злосцю. Ты што тут свае парадкі наводзіш, пачаў шмургаць адзежу, я табе пашмургаю. Зарубічы.
Шмурыгаць незак. Насіцца, ездзіць без патрэбы. Удзень адзін за другім аўтобусы шмурыгаюць, а пад вечар, калі людзі з работы — ніводнаго ні ўгледзіш. Гродна.
Шмыг выкл. Скок. Я сяджу ціхенька, а мыш — шмыг у дзірачку і схаваласа. Рудавіцы. Што гэта за сабака? Я — да яго, а ён шмыг у буду і ні аказаўсо. Зарыца.
Шмыга ж. Цыркуль. Я шмыгай любы вугал змераю, які хочаш, ад бацькі навучыўсо. Канюхі. Празмерна вяртля
78 👁