Скарбы народнай мовы. З лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёну (2014). Частка 2. А. П. Цыхун

 ◀  / 329  ▶ 
Шаляно'ўка ж. Шарсцяная каляровая хусцінка. Кабеты i дзяўчата тады шаляноўкі насілі, яны на той час даволі дарагія былі, ні кожна магла купіць. Эйсманты. Шаляшо'к м. 1. Грошык. Дам я курам шаляшок, паляцеця на таржок i купіця піражок. Сядзьце на калочку, з'ешце па кусочку /з дзіцяч. калыханкі /. Свіслач. 2. Таблетка. Некіх шаляшкоў прыпісаў наш фейчар, але нічого яны ні памаглі. Рудавіцы. Ша'маць незак. Есці /дзіцяч. слова/. Бедны, мусі добро прагаладаўсо, калі ўзяў кусочак хлеба i шамаеш. Старая Дубавая. Шампо'ліць незак. Невыразна гаварыць. Нешто сабе шамполіць пад нос, нічого ні разбярэш. Белева. Шамята'ць незак. Марудна есці, жаваць. Як пачне шамятаць, та c паўгадзіны шамеча, пакуль палкне. Жытародзь. Шанава'не н. Прывітанне. Мае шанаване, пане Мацею, як здароўе, як дзеткі жывуць? Ланявічы. Шанда' ж. Від крапівы /глухая крапіва/. Шанды нарвеш, кінеш свіням, i ядуць, тулькі вушы трасуцца. Дарашэвічы. Шанц м. Шанц, шчасце. Пападаў ёй шанц выйсці за добраго хлопца, ды людзі ні дапусцілі. Рацічы. Шанцава'ць незак. Шанцаваць, везці. Перастало яму на свіней шанцаваць, гэта ж такія былі свіня i звяліса. Занявічы. Іііа'пка ж. 1. Шапка, галаўны убор. Шапку файну купіў, паглядзі якая. Кашэўнікі. 2. Распасцёрты сноп жыта, якім накрываюць другія снапы, каб не намоклі падчас дажджу. Вецяр шапке з дзісяткоў паскідаў, ідзі панакрывай. Белева. Bapшаўская шапка — летняя шапка сіняга колеру з невялікім брылем. Мой татко ўсе ў варшаўскай шапцы фарсіў, ніякіх кепак ні прызнаваў. Кукалі. Шапта'ць незак. Шаптаць, гаварыць шопатам. Перастань шаптаць ёй на вухо, кажы, каб yce чулі. Дарашэвічы. Шапту'х м. Порхаўка, шарападобны грыб. Шаптухе — гэта ні грыбэ, a нікаторыя кажуць, што іх ядуць. Хамякі. Шапяля'віць незак. Шапяляць, невыразна гаварыць. Нешто шапялявіць, a ні магу разабраць, чаго хоча. Дзекалавічы. Шапяля'вы дзеепрым. Шапялявы; той, хто невыразна гаворыць, шапялявіць. Гэта ш такая дзеўка, а за Хведара шапяляваго замуж пашла. Сухая Даліна. Шапята'ць незак. Шаптаць, гаварыць шопатам. Прывык шапятаць, yce нечаго баіцца, гавары, каб yce чулі! Баяры. Стары наш сядзе каля печы i нешто сабе шапеча, гаворыць сам с сабой. Лугавая. Шарава'ць незак. Шараваць, церці, чысціць. Гэту падлогу трэбо будзя добро шараваць венікам, каб адмыць, бачыш, што нарабілі! Сухая Даліна. Шаранча' ж., мн. Страказа, драпежнае насякомае з доўгім брушкам i дзвюма парамі празрыстых сеткаватых крылаў. Шаранча бывая сіня i шэра, шаранча ўсялякая бывая. Гродна. Шара'к м. Заяц. 1ду я, значыць, гэдак, а зноў як выскачыць шарак i просто на міне, чуць з ног ні збіў. Пагараны. Шарахце'ць незак. Шамацець, шоргаць, шархацець. Нешто па стрэсі шарахціць, можа дождж пайшоў? Рацічы. Шара'чак м. Самаробная шарсцяная тканіна, з якой сяляне шылі касцюмы. Шарачак найбольш ткалі з бавэлны i шарсцяной пражы. Сабаляны. Шарачак у нас розны быў, нікаторыя фарбавалі матке на гранатовы колер i ткалі. Эйсманты. Шара'чка ж. Спадніна з самаробнай тканіны. Дзяўке ў нас насілі шарачкі — такія спадніцы c сіваго паўсукна. Бакуны. Шарачко'вы прым. Сшыты з шарсцяной самаробнай тканіны шэрага колеру. Пашыла сваім хлопцам шарачкавыя каптанікі, а то былі зусім паабрываліса. Брузгі. Шарва'рак м. Дарожная павіннасць у сялян у даваеннай Польшчы. У каго зямлі было больш, таму i шарварку прысылалі больш адрабляць, нам дзён дзесяць трэбо было адрабляць. Луцкаўляны
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зешце, крапіваі, словаі, шаляноўка, шамаць, шарахцець, шарачковы, шарварак, іглухая, ідзіцяч, іііапка
1 👁
 ◀  / 329  ▶