Старонка 17
◀ / 329 ▶
варыць абы-што. Дарашэвічы. Асавік м. Падбярозавік, абабак. У нашым лесе асавіке растуць тулькі пад бярозамі і асінамі. Зарубічы. Асавяк м. Тое, што і асавік. Гэта асавяк, ён робіцца такі разлезлы, як адварыш. Свіслач. Асадзіць зак. Надзець, умазаваць што-небудзь, прымацаваць. Мой дзед, Сівенькі, як асадзіць касу, та не чуеш у руках, касі і толькі пасвіствай. Рудавіцы. Перан.: паставіць на месца. Ён разышоўса, скочыў, як шалёны, але мушчына некі ўміг яго так і асадзіў. Палаткова. Асадзіць рой — пасадзіць рой, які выраіўся, у новы вулей. Ззымаў тато велькі рой, асадзіў у новы ўлей, а назаўтро яго і след прастыў, паляцеў. Ласосна. Асака ж. Асака. Асакі каровы ні ядуць, языке могуць парэзаці, яе тулькі коні зімой ядуць. Сухая Даліна. Асакар м. Таполя. За цесцям, каля Стасюка, рос асакор, ціпер спілавалі, пень адзін астаўсо. Пагараны. Асашкі мн. Выязныя сані з фігурным верхам. Асашкі былі тулькі ў багатых гаспадароў, бедныя ні мелі. Бакуны. Некалі ў нас, у Альшаніцы, прывозілі ў асашках бацюшку свянціць карапке, ездзілі да цэрквы. Вялікая Альшанка. Аселіца ж. Ваколіца, акруга. О, ён у нас быў музыкант на ўсю аселіцу. Баброўня. Асёлка ж. Асялок, брусок. Ён, бывало, мне наменьціць асёлкай касу, та яна аж ліжа, косіць траву. Свіслач. Аскерыцца зак. З'едліва ўсміхнуцца. Ты што на міне аскерыўсо, глядзіш выўком? Пагараны. Аскоміна ж. Аскома. Пасля яблыкаў аскоміну набіла, хлеба ні ўкушу. Рагачы. Аславухі прым. Аблавухі. Аславухія свіня файныя, яны добрыя на сала, пародзістыя. Бакуны. Асмалак м. Абгарэлы кавалак дрэва; галавешка. У вайну немцы Пузавічы спалілі, тулькі адны асмалкі засталіса з будынкаў. Стральцы. Асміна ж. Асьміна /старая мера сыпкіх цел, роўная 105л./. Некалі лічылі, што ў асміне дзесяць вёдзяр. Клачкі. У нас у засеку асмін с пяць ашчэ лонскаго жыта ляжыць, перасушвалі. Лаша. Высокая пасудзіна, сплеценая з саломы і лазы для захоўвання збожжа. У асміну як залезяш, та ні вылязяш; я сам адзін раз залез, та матка ледво выцягнула. Дзекалавічы. Асмолак м. Тое, што і асмалак. У нікаторых вёсках называлі галавешкай, а ў нас — асмолкам, ім сувальскія пільшчыкі націралі шну-ры, значылі калоду. Караневічы. Аснісеко н. Доўгая пуга, якой паганялі валоў /устар./ Тады Сцяпан Бычок падняў аснісеко, што валоў паганяюць, і давай сцёбаць жонку, што сляпому жабраку нічого ні дала. Капцёўка. Аснова ж. Падоўжныя ніткі ў тканіне. Калі шарсцяную радзюшку ці радно тчэш, та аснова і ўток шарсцяныя, а можа быць аснова парцяная, а ўток — шарсцяны. Свіслач. Асны мн. Маленькія, недаразвітыя зачаткі пярынак, якія застаюцца пасля скубання курыцы, качкі, гуся. Як аскубеш курыцу, та застаюцца аснэ, іх тулькі нажом можно павырваць ці асмаліць на агне. Круглікі. Астравок м. Сухі грудок з сенажаццю або лесам сярод поля ці балота. Нідалёка Гожы есць вёсачка Астравок; так называецца, бо яна паміж лесу, як на астраўку. Гожа. Асушак м. Кавалак сухога хлеба. Ці старому чалавеку асушкі есці, хай маладыя ядзяць. Кавалічы. Асушыць зак. Выпіць, апаражніць. Як селі, так тры бутэлькі і асушылі. Рагачы. Асыпаць зак. Акучыць /бульбу, буракі/. Ні ўспеў, халера, бульбу асыпаць, а ціпер перарасла, ні ўлесці. Капцёўка. Асыпаць незак. Акучваць. Пасля гэтаго дажджу ні шкодзіло б буракі асыпаць. Хамякі. Асыпка ж. Мука грубага памолу з аўса і ячмяню для жывёлы. Як асыпка есць, та і паршука можно выкарміць, як кажуць: «Кармі свіню мукой, та пойдзя рукой». Дарашэвічы.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 329 ▶