паліцыянту па мадзгаўні, та той і паляцеў. Зарубічы.
Напад м. Нападзенне чужых пчол на вулей з мэтай грабяжу. Як напад, та бяда, трэбо ратаваць, іначай засякуць пчол і мёд забяруць. Батароўка.
Нападарэндзі прысл. Побач, паблізу, пад рукамі. Ні руш, хай стаіць войдзяка, нападарэндзі, каб можно было ўзяць. Лікоўка.
Напарнік м. Напарнік, сябра. Ашчэ мой напарнік жыве, што разам рабілі на бровары. Гібулічы.
Напароцца зак. Сутыкнуцца, сустрэцца неспадзявана з кім-небудзь нежаданым. Ішлі мы тады доўго лесам, баяліса, каб на немцаў дзе ні напароцца. Жукевічы.
Напасці зак. Натрапіць, набрысці, вападкова знайсці. Той рок у лесі як напалі на ягады, та па цэламу вядру набралі. Зарубічы.
Наперакор прысл. Наперакор, насуперак. Ну і баба, что ні скажы, яна табе ўсё наперакор. Гібулічы.
Напірыць зак. Набіць, налупцаваць /груб./. Здаецца, напірыў, як каня, а ён усероўно свае робіць. Хамякі.
Напіхач м. Той, хто многа есць; абжора. Некі напіхач, жарэ ні ў свае духе, і ўсе яму мало. Свіслач.
Напозранкі мн. Ранішняя пасьба. Ашчэ жаўруке ні спяваюць, а мы ўжэ коні вядзем напозранкі. Кунцаўшчына.
Напралом прысл. Напралом, не лічачыся з перашкодамі. Кінуўса напралом, як шалёны які, старых параспіхаў. Каленікі.
Напугацца зак. Нахлябацца, насёрбацца /груб./. Дзеці мае напугаюцца вечарам зацеркі і спяць, як забітыя. Круглікі.
Напудзіць зак. Напалохаць, напужаць. Іван як напудзіў яго, та той уцякаў, аш шапку згубіў. Тарусічы.
Напучыцца зак. Утаропіцца, уставіцца позіркам. Сядайце, цётку, чо на міне так напучыліса, я тут ні прычом. Ласосна.
Напяхоту прысл. Пяшком, пеша. Мне некалі напяхоту ні страшно было хадзіць, а ціпер і аўтобусам ні магу ехаць. Гарны.
Наравісты прым. Наравісты, упарты, з норавам /пра коней/.У бацькі наравісты конь быў, дэраж; як станя, ані з месца, хоць ты яго забі. Рацічы.
Наравіць незак. Наравіць, старацца дагаджаць. Наравіць усім — ні ўнаровіш, усероўна будуць казаць, што кепская была. Шчэчынова.
Наразе прысл. Пакуль што, нейкі час. Наразе пахадзі ў старым каптане, а потым зробім новы. Хліставічы. Ні руш, хай наразе тут пабудзе, а потым перавядзем у другі хлеў. Рацічы.
Наракаць незак. Наракаць, выказваць крыўду, нездавальненне; скардзіцца. Яму на сваіх дзіцей німа чо наракаць, яны і так задобрыя да яго. Адэльск. Купляй, добра карова, наракаць ні будзяш. Вялікая Жорнаўка.
Нарасць ж. Нарасць, нараст, ненармальнае патаўшчэнне. Моцна ўдэрыўсо нагой, мусі, нарасць будзе якая. Няцечы.
Нарваваць незак. Раздражняцца, нервавацца. Табе ні можно нарваваць, а то і зноў даўлене патскочыць. Адэльск.
Нарог м. Нарог, частка плуга, якая падразае зямлю знізу; жалезны наканечнік у сахі. Нарог зусім у каменях ступіўсо, ні гарэ. Селюкі.
Нарты мн. Лыжы. Нарты як натрэш воскам, та зусім іначай ідуць, ні чуваць пад нагамі. Занявічы.
Наружавацца зак. Падмалявацца, падфарбавацца. Марыся як ішла на сход, та наружуецца і сядзіць на першай лаўцы. Лікоўка.
Нарцярка ж. Від зімовай шапкі /устар./. Некалі шапку-нарцярку купіў, во, та і ціпер нашу. Рацічы.
Нарываць незак. Нарываць, апухаць і нагнойвацца. Пята пачала нарываць, ужэ трэцю ноч ні сплю, мэнчусо. Лойкі.
Нарэчанька ж. Танец, быў пашыраны на Гродзеншчыне да вайны. Помню, усе нарэчаньку скакалі і сабе падпявалі: «Выйду я на рэчаньку, гляну на сяло — усе людзі гуляюць, мне ні весяло «. Гарны.
78 👁