Ла'патнік м. Бедны, кепска апрануты чалавек /пагард/. З гэтым лапатнікам ніхто гаварыць ні хацеў, а ціпер, глядзі, якім чалавекам стаў. Лаша.
Лапатнік м. Куток каля печы, у які ставілі хлебную лапату. У нас у лапатніку стаяла качарга, а таксамо і памяло. Бандары.
Лапатуха ж. Выгіб у лязе касы ў выніку няправільнага кляпання. Лапатуху, мусі, у касу ўвагнаў, касіць ні будзя. Агароднікі.
Лапаць незак. Хапаць, мацаць рукамі. Прывык маладым баб лапаць, та і ціпер дур у галаве сядзіць. Падкрыжакі.
Лапаць незак. Лавіць. За ім гестапо ганяласо, паліцаі лапалі і ні маглі злапаць. Аульс.
Лапіць незак. Латаць, ставіць латкі. Што гэты кажух лапіць, тут лата на лаці і шва ні знаці. Дубаўка.
Лапоўка ж. Хабар. Ён, кажуць, лапоўку даў солтысу, каб у Германю дочку ні вывязлі. Індура.
Лапсярдак м. Доўгая мужчынская вопратка. Кажуць, яшчэ дзед мой насіў лапсярдак. Азёры.
Лапта ж. Дзіцячая гульня ў мячык дзвюма партыямі. Як малымі былі, у лапту ўсё гулялі, набегаясса, та ледво дахаты паўзеш. Лікоўка. 2. Лапатка, якой б'юць па мячы ў гэтай гульні. Лаптой як урэжаш мячык, та ляціць чорт яго ведая дзе. Кунцаўшчына.
Лапташ м. Лапаць; разбіты, растаптаны абутак. Скідай свае лапташэ, у іх ні да людзей, а да жывіны тулькі хадзіць. Лікоўка.
Лапунэ мн. Невялікія круглыя аладкі з цёртай бульбы, запраўленыя макам і цукрам. Адвары лапуноў на вячэру, даўно ні елі. Бакуны.
Лапух м. І. Лопух. У нас на лапухах хлеб пяклі. Вішнявец. Як у каго рана, та лапухамі ўкладвалі, каб гавіласа. Балічы. 2. Бесталковы чалавек /зневаж./. Ён такі лапух, што яго кожны вакол пальца абвядзе. Дарашэвічы.
Лапушысты прым. Шырокалісты. У гэтым року натта ш капуста лапушыста, пакруціласа ў галаўке. Жукевічы.
Лапшывы прым. Абжорлівы, пражэрлівы. Ён такі лапшывы, што сырое еў бы. Баброўнікі.
Лапянда ж. Жанчына, якая многа і без толку гаворыць; лапатуха, балбатуха. Ні аднаго талковаго слова ні скажа, бо лапянда есць лапянда. Рагачы.
Ласіца ж. Ласка, ласіца. Мы забілі яе, бо думалі, што шашок, а дзядзько сказаў: ласіца. Свіслач.
Ласне уводн.сл., прысл. Уласна. Ласне, ці я табе ні назала, што гэтак будзя? Славічы. 2. Хіба, няўжо, ці. Ласне гэта праўда, што людзі пра яго кажуць. Балічы.
Ластажыць незак. Лупцаваць, біць, хвастаць. Каб жывіну так ластажыць, гэта трэбо зверам быць. Свіслач.
Ластаман м. Крывадушны, ліслівы чалавек, падхалім. Але ж і ластаман, глатко сцеля, цвёрдо спаць, як той казаў. Кунцаўшчына.
Ластаўка ж. Ластаўка. Першая ластаўка вясны ні чыніць. Капцёўка. Ластаўкай віцца — перан.: дагаджаць, наравіць, падлошчвацца. Цешча ластаўкай уецца каля яго, а па натуры -чорт, ні баба. Зарыца.
Ластаўка ж. Клін, вузкая трохвугольная ўстаўка ў адзенні. Ну і каптан сшыў –рукі ні падняць, мусі, ластаўку ні так уставіў. Бычкі.
Ласы прым. Ласы, падкі, ахвочы, прагны. Ласы, як кот на каўбасы /прыказка/. Луцкаўляны.
Лата ж. 1. Жэрдка. Я загарадзіў бы гарод, але латаў німа дзе дастаць. Баброўнікі. 2. Кавалак матэрыяла, якім залатана дзірка. Новы кажух, а ўжэ лату трэбо ставіць, парваў. Скраблякі.
Латажыць незак. Лупцаваць, біць. Сам вінаваты, а каня давай латажыць, кап спытаць — за што? Горніца.
Латвей прысл. Зручней, ямчэй. Тут будзе латвей пераехаць праз рэчку, ні глыбоко. Занявічы.
Латка ж. Кавалак тканіны або скуры, якім залатана дзірка. Кажушная латка як родная матка /прымаўка/. Свіслач.
Лаўка ж. І. Лаўка, невялікі магазін. Учора ў лаўку прывязлі много тавару, трэбо
79 👁