этымалогіі, якая была прынята і іншымі, здаецца, менш падстаў, чым для дапушчэння аб славянскім паходжанні разглядаемага слова. Калал фіксуе славацк. ostnač «хто мае ostny» (сюды і ostnacka, osnacka). У славянскіх мовах і іх гаворках, у тым ліку ў беларускай і ўкраінскай мовах шырока вядома слова ostьnъ і яго фанетычныя адпаведнікі, а таксама варыянты: остён, осён, осны, восница (ЛП, 179), асцень (Сербаў, 84); русск. осен, осн, остен (Даль, ІІ, 705); укр. остень (Грынч. 3, 71) і г. д. Значэнне гэтага слова, выпісанага са старажытнарускіх тэкстаў Сразнеўскім (2, 732 і 749: оснъ і остьнъ)—«вастрыё», а таксама розныя палкі, жэрдкі, шасты з вастрыём, у тым ліку «ражон», «восці», «бусак». Праца плытагонаў і наогул рачнікоў звязана, як вядома, з выкарыстаннем гэтага тыпу прылад. Параўн. тлумачэнне слова багор «бусак» у вялікім рускім акадэмічным слоўніку: «Длинный деревянный шест, на котором насажен железный наконечник с острием и крюком (употр. для доставания отдаленных предметов, отталкивания и причала в речном судоходстве, в пожарном деле и др.)»; параўн. таксама бел. бусачнік, русск. багорщик, укр. багорник «судавы рабочы, які карыстаецца бусаком (багром)»; у Даля: багорщик —«гребец, который управляется багром, крюком, когда лодка пристает или отваливает; обычно это двое носовых гребцов» (I, 36). Таму зусім верагодна лічыць, што слова аснач утворана ад асновы остьн- (дзе -ьн—суфіксальнае) пры дапамозе суфікса -ачь: остьн-ачь> >остнач>оснач (аснач) ці остьнъ>остн-> осн- + ач. Суфікс -ачь далучаўся ў старажытнарускай мове не толькі да дзеяслоўных асноў, але зрэдку і да назоўнікавых (уздачь, расохачь, космачь — Сразн.), параўн. ст.-бел. і бел. пузач, насач, вусач, трубач, партач (ад парты?) і інш. (гл. П. В. Вярхоў. Зб. «Беларуская мова». Мн., 1965, с. 74—83). Трэба адзначыць, што варыянт аснак (фіксуе Ф. М. Янкоўскі) мог утварыцца з суфіксам -ак, які выкарыстоўваўся для ўтварэння назваў асоб ад назоўнікаў (гл. П. В. Вярхоў. Зб. «З жыцця роднага слова». Мн., 1968, с. 63—65). А. Я. Супрун ДЫЯЛЕКТНЫЯ НАЗВЫ ЕЖЫ Ў ГАВОРЦЫ в. ЛІСАВІЧЫ ДОКШЫЦКАГА РАЁНА АБІРТН'Я, АБЯРТН'Я (хлеба) ж., р. адз. абяртні, р. мн.—ёў. Скібка хлеба праз усю круглую булку: Узноў абяртня ў зубах. АДЦІСК'АНКА (АТЦІСК'АНКА) ж., р. адз. -і, р. мн. -н-ак. Перакручаныя на машынку (мясарубку) вантробы (печань, лёгкія) з кусочкамі сала і прыправамі варацца ў трыбуху і пасля адціскаюцца, як сыр. Па-іншаму называюць баршмак, паштэтуфка: Плястэрак адцісканкі з'еў. АНТАЛ'ЯЖЫКІ мн., р. мн. -к-аў. Бліны з тоўчанай бульбы з крухмалам: Анталяжыкі з маслам. БАЦЕХА ж., р. адз. -і. Маладое бацвінне з цяціўем: Бацёхі наварыла. Б'ОНДАЧКА ж., р. адз. -і, р. мн. -ч-ак. Маленькая мясная кілбаска, якую робяць дзецям на гасцінец: Зрабіць табе бондачку? БУЛЬБЯНІКІ мн., р. мн. -аў. Бульбяныя пірагі: Бульбянікаў-пірагоў натаўкуць, у мак намачаюць — і добра было. Бульбянікі-раскатанікі — маленькія піражкі. ВАНТРАБ'ЯНКА ж., р. адз. -і, р. мн. -н-ак. Кілбаса з пячонкі: Добрая вантрабянка смачней за кілбасу. Па-іншаму яе завуць печанёўка, пічанёўка.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
103 👁