ЛАДКА ж. Пяць-шэсць жмень нажатага жыта. У ладцэ жмень пяць-шэсць, тоды еты ладкі збіраемо і вяжэмо ў сноп. У снопу дзьве-тры ладкі. Нажала ладку і несі ў сноп, а то малой сноп. Бобрыкі Петр.
ЛАДКА ж. Адарваны або адрэзаны ад старога адзення вузенькі кавалачак. Адарві ад старога пляця ладку і ўплеці ў косу. Як нема ленты, дак уплеці ў косу ладку. Ладку адарві ад старое спадніцы. Тульгавічы Хойн.
ЛАДНЫ прым. Сыты. Пацьвінак ужо ладны, можна рэзаць на мяса. Моханава В.-Дзв.
ЛАЙКА ж. 1. Жэрдка ў ёўні, на якую насаджвалі снапы для сушкі. Сушыць лён ставілі на лайкі, а другой лайкай прыціскалі. Паляцкішкі Вор. 2. Жэрдка ў ёўні для прыціскання снапоў. Нада добра прыціскаць снапы лайкай, каб большы ўлезла. Паляцкішкі Вор.
ЛАЙНО н. Бялізна. Намачыла адно лайно. Заўтра памыю. Сыбрала лойны і замачыла ў попілі. Моханава В.-Дзв. Сягодні аццірала лойны, а цяпер пайду пылыскаць. Ваўкавічы Тал.
ЛАКОМЧЫК м. Ласун. Ён у вас добры лакомчык, любіць толькі ўкусненькае. Стайкі Барыс.
ЛАКОМЫЙ прым. Ласы. Ты лакомый до прысмаков. Горск Бяроз.
ЛАМАХЦЕЦЬ (ламахтеті) незак. Ехаць хутка, тарахцець. Здзержавай коня, помалу едь, не ламахті. Я не буду ламахтеті, паеду помалу. Бастынь Лун.
ЛАМІНА ж. Стары, грувасткі прадмет. Што гэта за ламіна стаіць у хаці, нада яе выкінуць вон. Моханава В.-Дзв.
ЛАПА ж. Ручка ў плузе. Зрабі лапы да плуга залезныя. Бяры за лапы і ідзі роўна за плугам. Навасёлкі Свісл.
ЛАПА ж. 1. Ножка (ложка, стала). Зломалас лапа ў слоновы, у столовы. Горск Бяроз. 2. Понаж. Прывезала лапы к ніту, каб добро ткаць було кросна. Жахавічы Маз.
ЛАПА ж. Прылада, якой абдзіралі галоўкі лёну. Лапа войстрая, харашо абдзіраіць галоўкі лёну. Моханава В.-Дзв.
ЛАПАТКА ж. 1. Мянташка. Нада лыпаткый павастрыць касу, а то іна затупіласі. Моханава В.-Дзв. 2. Дошчачка з дзірачкамі для снавання красён. Зрабі мне лыпатку, я буду кросны снываць. Якубова Рас. 3. Стрыхоўка. Крыў страху пыд лыпатку. Якубова Рас.
ЛАПАТКА (лопатка) ж. Маленькі снапок саломы, які кладуць каласкамі ўніз пры пакрыцці страхі. Лопатка вяжыцца ў уздрэ і таксама штыры жмэны. Як почынают крыты стрэху соломою, то прывязвают острэшэнныкы уздром уныз, а тоды кладут лопаткы на острэшэнныкы уздром увэрх. Пойдэмо, баба, вязать лопаткы, завтра буду крыты стрэху. Горск Бяроз.
ЛАПАТКІ (лопаткы) мн. Звязаныя разам тры саламяныя снапкі для пакрыцця страхі. Навэзав лопаток із соломы. Буду лопаткамы крыты. Горск Бяроз.
ЛАПАЦІЦЬ незак. Вастрыць касу. А я добра не умею лапаціць касу. Філіпова В.-Дзв.
ЛАПІКІ толькі мн. Лахманы. Забылас, мне ж трэбо попраті лапікі свае, а то нэма чого одэваті. Бастынь Лун.
ЛАПКА ж. Гронка вінаграду. Купіў адну лапку вінаграду. Міратычы Кар.
74 👁