ВОТРАНІЦА ж. Адгароджанае бярвеннямі месца для ссыпу мякіны ў таку. Каля асеці здзелаў вотраніцу, куды буду сыпаць мякіну, вотрану. Даўгабор'е Рас.
ВОТРАНЫ толькі мн. Буйная мякіна. Запар вотраны і дай карові есці. Моханава В.-Дзв.
ВОЎСІСКА (воўсіско) н. Аўсянішча. Жані кароў на воўсіско. Навасёлкі Свісл.
ВОЎЧАНКІ (воўчэнкі) толькі мн. Агульная назва неядомых грыбоў. Што вы набралі одных воўчэнак, іх у нас не ядуть. Бастынь Лун.
ВОЧКА н. Пятля ў нітах, у якую кідаюць нітку асновы. Парвалася вочка ў нічальніцах, і ідзе нітка проста. Паляцкішкі Вор. У нічальніцах есць вочка, у яго ўцягваюць ніткі асновы, а тады ў бёрда ўкідаюць. Міратычы Кар.
ВОЧЧЫМ м. Айчым. У яго воччым добры, жалея яго. Стайкі Барыс.
ВТРАНЦАЦЦА незак. Умешвацца. Што ты не ў свае справы втранцаешся? Міратычы Кар.
ВУГНЯВІЦЬ незак. Хныкаць. Чаго ты вугняеш, аддам тваю ручку, ні вугняў. Тульгавічы Хойн.
ВУГНЯВЫЙ (вугнявуй) прым. Гугнявы. У яе сын вугнявуй. Тульгавічы Хойн.
ВУЖЫК м. Прывязка для прымацоўвання біча да цапільна. Вазьмі вужык і прывяжы біч да цэпа. Моханава В.-Дзв.
ВУЗАЛАВАК м. Брус у калёсах, які служыць асновай для драбін і ляжыць на восі. Вузалавак ляжыць на восі. Праз вузалавак і вось праходзіць шворань. У вузалавак убіваюць ручкі і кладуць драбіны. Навасёлкі Свісл.
ВУЗВАЛАК м. Тое, што і вузалавак. На восі кладзецца вузвалак і скрапляецца шворанам. Альхоўка Навагр.
ВУЗГАЛАВЕНЬ (вузголовэнь) м. Тое, што і вузалавак. Вузголовэнь зробів бэрэзовый і положыв на вось, і засодів шворэнь. Бастынь Лун.
ВУЗДЗЕР (вуздер) м. Частка снапа ад перавясла да зрэзу. Нажала снэп, і які ніровный вуздер у снэпу, погледі, які ў мэнэ рэвный ды хорошэй. Азарычы Пін.
ВУЗЛЯК м. Вузел. Завяжы вузляка на ніццы. Міратычы Кар.
ВУЗЫР м. Тое, што і вуздзер. Каласэ сухія, а вузырэ сыраватыя. Міратычы Кар.
ВУЛІ-ВУЛІ-ВУЛІ выкл. Ужываецца, калі падзываюць авечак. Моханава В.-Дзв. Ужываецца, калі падзываюць гусей, качак. Навасёлкі Свісл.
ВУЛЬ-ВУЛЬ-ВУЛЬ выкл. Тое, што і вулі-вулі-вулі ў 1-м знач. Моханава В.-Дзв. Тое, што і вулі-вулі-вулі ў 2-м знач. Азарычы Пін., Заазер'е Віл., Паляцкішкі Вор.
ВУНЬДЗЕКА (вуньдзіка) часц. Вунь. Што ты, ня відзіш, вуньдзіка стаіць лыпата. Моханава В.-Дзв.
ВУРЗГАЎКА ж. Дзіцячая цацка, якая зроблена з тоўстых нітак і невялікай костачкі; калі яе круціць на нітцы, яна гудзе. Зрабіў сыну вурзгаўку, дак ён з ёй і спаць кладзецца. Ён з вурзгаўкай добра забыўляіцца. Моханава В.-Дзв.
ВУРЗГАЦЬ незак. Утвараць гук, падобны на гудзенне. Раскруці вурзгаўку добра, дак йіна будзіць вурзгаць даўжэй. Моханава В-Дзв.
78 👁