ТРЭТАР м. Трэск. Пярун як даў у ліпку, дак йіна пувалілася, аж трэтар пашоў. Касталомава В.-Дзв. Шум, гвалт, піск. Сьвінні крухаюць, пішчаць, аш трэтар ідзець. Сяляўшчына Рас.
ТУБЕЛЬ м. Від гэбля. Тубелям дзелаюць філінговыя дзвера. Навасёлкі Свісл.
ТУДАКА прысл. Тут. Оля, алёс, што ніяк ні пралесьці, а тудака е і шчырыя грыбы. Навасёлкі Свісл.
ТУЗАЦЬ незак. Выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам. Памажы мне аснову тузаць. Моханава В.-Дзв.
ТУК м. Растоплены тлушч. Тук вуцек, осталіса вускоркі. Бобрыкі Петр. Так тук зовэм сало, а колі захолоданый, то зовём жыр. Бастынь Лун.
ТУЛІКА ж. Дэталь калаўрота, кавалачак скуры з адтулінай, у якую ўстаўляюць жалезны шпянёк з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка, перш чым яна пападае на шпульку. Адрэж кусок шкурата, зрабі туліку, а туліку прыкрапі да мальчэка. Петрыкава Гом.
ТУЛЬ м. Цюль. Купілі туль маладусі. Моханава В.-Дзв. От у молодэе хорошый туль. Бобрыкі Петр.
ТУМАК м. Моцны ўдар. Надавай ему тумакоў і хаў ідзе дадому. Тульгавічы Хойн. Вот я яму ныдывала тумакоў па сьпіне, што доўга будзіць помніць, як у яблакі лазіць. Моханава В.-Дзв.
ТУМАНІЦЦА незак. Угаворваць. Мы цэлы дзень туманіліся, кап яна са сваім мужыком жыла добра. Навасёлкі Свісл.
ТУПКІ прым. Біты (пра дарогу). Тупкая дарога, добра ехаць. Моханава В.-Дзв.
ТУРАВАННЕ (турыванне) н. Падганянне, пануканне. Пакінь ты сваё турыванне, я і сыма знаю, што мне нада пасьпяшыць, скарэй сыбірацца. Моханава В.-Дзв.
ТУРАВІЦЦА незак. Спяшацца. Нада мне туравіцца іці сена грабіць, а то туча находзіць. Сяляўшчына Рас. Йіна туравіцца скарэй кросны выткаць. Моханава В.-Дзв.
ТУРАВІЦЬ незак. Падганяць, панукаць. Што ты яго туравіш, ён і так быстра робіць. Ні нада яго туравіць. Вароніна Рас.
ТУРЗАЦЬ (турзаті) незак. Расцягваць кужаль на валокны. Трэба лён турзаті і скрутіті кудэлю. Азарычы Пін.
ТУРЧАЦЬ незак. Цвыркаць. За печчу турчок турчыць. Ністанішкі Смарг.
ТУРЧОК м. Цвыркун. Турчок усю ноч турчыць. Ністанішкі Смарг.
ТУТА прысл. Тут. Тута немнога постаімо. Бастынь Лун.
ТУТАКАВА прысл. Тое, што і тута. Тутакава была пуня. Навасёлкі Свісл.
ТУТАЦКІ прысл. Тое, што і тута. Тутацкі ёсць два канцы. Ваўкавічы Тал.
ТУТАЧКА прысл. Тое, што і тута. Тутачка мне не до его тэпэр. Тутачка лежав топор, а дэ вон тэпэр. Бастынь Лун.
ТУЧНЫ прым. Тлусты. У гэтым року сало добрэ, тучнэ сало, многэ жыру. Бастынь Лун.
ТУШАНКА ж. Тушаная бульба з мясам. Там ішчэ асталасе луплена картопля, дак пастаў тушанку на абед. Тульгавічы Хойн.
ТУШОНІКІ мн. Тое, што і тушанка. Начысьціла картоплі, наложыла мяса, запрагла салом і будуць тушонікі. Жахавічы Маз.
95 👁