Так весці размову можна далёка не з кожным субяседнікам, ад якога робіш запісы. Пашпартызацыя сабраных матэрыялаў у аўтарскіх запісах не заўсёды дакладная: пэўную колькасць фразеалагізмаў, ілюстрацыйных прыкладаў запіса*ў у аўтобусе, у вагоне (напрыклад, у дарозе з Мінска на Лагойск, з Гродна на Ваўкавыск, Слонім, Баранавічы, з Глуска на Любань), на базары (Глуск, Ра*дашкавічы, мінская Камароўка, Навагрудак, Ву*шач (Ушачы), Ракаў, Валожын), на беразе ракі, возера (Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Бяроза, Свіцязь, Нёман). Зразумела, што ў такіх абставінах не заўсёды можна было высветліць, адкуль аўтары фраз, дыялогаў. Таму да часткі ілюстрацыйных прыкладаў падаецца паметка тыпу "У дарозе з Любані на Глуск"; паметка "Глуск", "Ра*дашкавічы", "Ракаў" паказвае, дзе запісаў прыклад, але не абавязкова сведчыць, што запісаў ад чалавека з Глуска (Радашкавічаў, Ракава). Запісванне фразеалагізмаў з жывой размовы мае яшчэ свае цяжкасці. Я не раз сустракаўся з такою сітуацыяй. Мая субяседніца захапілася апавяданнем, успамінамі адной гісторыі ці адказам на пытанне; яе мова нікім і нічым не звязваецца і не абмяжоўваецца; апавядальніца занятая толькі тым, каб як лепш і жвавей расказаць, паведаміць, адказаць на пытанне. Праходзіць нейкі час, звяртаешся, каб дакладней высветліць значэнне пачутага фразеалагізма. І тут мая "карміцелька і паіцелька" здзіўлена пазірае, спрабуе растлумачыць і ніяк не можа. А здаралася не раз і так, што з усёю шчырасцю і вінаватасцю гаворыць, што "не кажуць так". Аднойчы ў сяброўстве двух братоў, дзяцінства і юнацтва якіх прайшло ў адной хаце, ішла гутарка пра суседзяў і іх вяскоўцаў. Адзін з братоў прыгадвае "на зле" непрыемную гісторыю, за якую варта з вінаватага сырыцу выкруціць (фразеалагізм я чуў да гэтага). А калі прайшло з гадзіну пасля размовы, я паспрабаваў высветліць значэнне сырыцу выкруціць у таго брата, ад якога не чуў гэтага выслоўя. Апошні катэгарычна запярэчыў: "Я ніколі не казаў і не чуў "сырыцу выкручваць".І толькі ўсёю сямейнаю радаю, прыгадваючы сітуацыі ўжывання гэтага фразеалагізма і тлумачачы, што ён абазначае, які мае сэнс, мае гаспадары паказалі жыццёвасць фразеалагізма, яго неаказіянальнасць. У ліку маіх "карміцеляў" былі розныя людзі: гаваркія і маўчуны, адказчыкі (як на рэцэпт у аптэцы) на мае пытанні і схільныя перабіць сваімі пытаннямі маю спробу спытацца. Сустракаюцца на дзіва адрозныя гутаркі: у аднаго мова насычана фразеалагізмамі, у другога супрацьлегласць — амаль "дыстыляванасць" ад фразеалагізмаў, ад пераноснага ўжывання слоў. За апошнія дзесяць год у розных выданнях аўтар надрукаваў частку фразеалагіяных матэрыялаў, што паступова рыхтаваліся, каб зрабіць спробу стварыць даведнік з беларускай фразеалогіі. Побач з народнымі прыказкамі, прымаўкамі змясціў у дадатку да першага выпуску "Дыялектнага слоўніка" (Мінск, 1959) фразеалагізмы з дакладнаю пашпартызацыяй. Большасць з іх запіса*ў спрошчанаю транскрыпцыяй, якая забяспечвае адлюстраванне фанетычных і марфалагічных асаблівасцей той гаворкі, з якой пачэрпнуў фразеалагізмы. Прыкладна столькі сама фразеалагізмаў і з такою самаю падачаю змясціў у дадатку да кожнага наступнага выпуску "Дыялектнага слоўніка" (II — Мінск, 1960; III — рукапіс, 1963; IV — рукапіс, 1966), а таксама ў калектыўным зборніку "Матэрыялы для слоўніка народнадыялектнай мовы" (Мінск, 1960). Не абышоў фразеалагізмаў і пры складанні зборніка прыказак і прымавак. У надрукаванай кнізе "Беларускія народныя прыказкі" (Мінск
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
22 👁