ХОЦЬ КУЛАЧОК ПАД БАЧОК. Хоць памірай. Можна думаць, гэта эліпсіс з “Хоць лажыся, падклаўшы кулачок пад бачок, дый памірай”.
Усё пагарэла. І трэба ж удаве так, — хоць ты зацячыся, ніякае дапамогі, хоць кулачок пад бачок. Люб. р., Чыж. (Лінг. зб.).
ХОЦЬ МАХАЛАМ МАХАЙ. Не адбіцца, не адкараскацца (пра кагосьці вельмі дакучлівага), няма рады. Махала — галінка, якою адганяюць мух, іншых насякомых.
Панатрылі куры ў пшаніцу хадзіць, хоць махалам махай. Докш. р., Шкл. (Матэр. для сл.). Хоць махалам махай, то не аджанешся [адгонішся]. Грод. п. (М. Фед., ЛБ, IV).
ХОЦЬ (ты) НА ВАДУ БРАШЫ. Гл. НА ВАДУ БРАХАЦЬ.
ХОЦЬ НА ВОЎКА ЗЛЕЗЬ (уссядзь). Цемрадзь, беспрасветная цемра.
Ноч была цёмная — хоць на воўка злезь. Шчуч. р., Вял. Б. (Хрэстам.). А на дварэ, братка ты мой, хоць на воўка ўссядзь. Карэл. р., Заг.
ХОЦЬ ПАГЛЯДЗІСЯ. З адцен. паэтычн. Вельмі гожы, прыгожы.
Такая ж яна харошая — хоць паглядзіся. Кап. р., Аксам.
Гл.: хоць вады напіся.
ХОЦЬ ПАДАЙ ЛІСТАМ. Вельмі дагаджаць, быць пакораю.
А ці трэба было так ужо падаць лістам перад імі? Хойн. р., Алекс. Прыйшла матка, дык дачка расказала, што такі ён наравісты, што хоць падай перад ім лістам. Хойн. р., Вал. (Хрэстам.).
ХОЦЬ ПАЛКАМІ БАРАБАНЬ. Пуста (у хаце, свірне, складзе, краме); пуста — толькі рэха.
Здаецца і жалаванне добрае, а ў хаце хоць палкамі барабань. Веры не даць: каб гэтак нічогачка не было. Вял. р., Кл. Па хлеб не паслалі, а ўчарашняе разабралі ўсе чысценька. Зайшлі, каб на дарогу булак узяць, а там хоць палкамі барабань. У дарозе з Папл. на Бераз.
ХОЦЬ ПУЗА РАСПЕРАЖЫ. Гл. ХОЦЬ РАСПЕРАЖЫСЯ.
ХОЦЬ РАСПАРЫСЯ. Гл. ХОЦЬ РАСПЕРАЖЫСЯ.
ХОЦЬ РАСПЕРАЖЫСЯ, ХОЦЬ ЖЫВОТ (пуза) РАСПЕРАЖЫ, ХОЦЬ РАСПАРЫСЯ. Уволю, колькі хочаш (есці, наесціся).
Рабіць — рабілі, але і есці ўсім — хоць расперажыся. Кап. р., Ванел. Еж хоць расперажыся, толькі рабіць не лянуйся. Сл. п. (М. Фед., ЛБ, IV). На Яна — нажала, на Пятра — напякла, на Барыса — еж хоць распарыся. Ашм. і Пруж. пп. (М. Фед., ЛБ, IV). Цесць і выпіў і з'еў..., хоць жывот расперажы. Хойн. р., Вал. (Хрэстам.). Есці — хоць пуза расперажы. Бял. р., Кл. (Матэр. для сл.).
ХОЦЬ РУКОЙ ДАСТАЦЬ. Гл. РУКОЙ ДАСТАЦЬ.
ХОЦЬ РЭПУ СЕЙ. З адцен. іран. Вельмі брудны (пра чалавека).
Бараноўскі, бывала, што панядзелак глядзеў, ці чыстыя дзеці. Як толькі шыя нямытая, пальцам: “У цябе шыя хаць [хоць] рэпу сей”. Гл. р., Кл. Закасала рукаў, ажно там хоць рэпу сей. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, III, 2).
80 👁