УЗЯЦЬ ШЛЮБ. Гл. БРАЦЬ ШЛЮБ. У КАЗІНЫ РОГ ЗАГНАЦЬ каго. Гл. ЗАГНАЦЬ У КАЗІНЫ РОГ каго. У КАЗЛЫ ГУЛЯЦЬ (граць). З адцен. іран. Пра ўпартых і непамяркоўных, якія не саступаюць адзін аднаму, нават б'юцца. Усяк у іх бывае. Калі дружаць, а калі за няма нішто ў казлы гуляюць. Мін. р., Астр. Гарад. Як мае суседы [суседзі], з самае раніцы давай у казлы гуляць. Мін., Камар. У казлы граюць — б'юцца. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). УКАРАЦІЦЬ (прыкараціць) ВЕКУ. Гл. ВЕКУ ЎКАРАЦІЦЬ (прыкараціць). У КАРШЭНЬ (у каўнер) НАЛАЖЫЦЬ каму. Гл. НАЛАЖЫЦЬ У КАЎНЕР (у каршэнь) каму. У КОСЦІ ДАЦЬ (увярнуць, усыпаць) каму. Гл. ДАЦЬ У КОСЦІ каму. У КОСЦІ ЎЕСЦІСЯ каму. Вельмі дакучыць і зорыдаць. Гэтыя шпакі мне ні крышку ўжо ў косці ўеліся. Вунь з тае вішні ўсе ягады паабрывалі. Баран. р., Серамавічы. (Хрэстам.). Каму як, а мне, лесніку, вельмі ўеліся ў косці гэтыя гарадскія турысты. Як пройдуць, то шкоды і наробяць: сякуць, агонь паляць, газет тых, слоікаў, кансерваў… Навагр. р., Свіц. У КРАПІВУ ПАСАДЗІЦЬ. Сказаць так, каб аж запякло; вострым, колкім словам дапячы камусьці, прычыніць непрыемнасць. Наш гэты Голуб будзе табе гаварыць смешачкамі, жартачкамі ды гэтымі жартачкамі ў крапіву пасадзіць. Мін. р., Салом. Сказаў гэтак — ну… у крапіву пасадзіў! Тамсама. Ён і цябе пасадзіць у крапіву. Тамсама. УКРОІЦЬ ШТУКУ. Гл. ШТУКУ ЎРЭЗАЦЬ (адпаліць). У ЛАДКІ ПЛЯСКАЦЬ. У ЛАДКІ СПЛЯСКАЦЬ. Воплескамі (апладысментамі) выказваць пахвалу, захапленне, ухваленне. Ён так умее сказаць і прыказаць, што ў бяседзе [на балі] і ў ладкі сплешчуць. За такое варта ў ладкі пляскаць. Гл. р., Кл. Ого наш бацька! Штукант быў. Вясёлы які. "Бяду" як спяваў! Толькі ў ладкі сплешчуць. Тамсама. У ЛАПЦІ АБУЦЬ. 1. Давесці да беднасці, нястачы (лапці — прыкмета беднасці). Гу*лі [гулянне] не аднаго ў лапці абулі. (БППФ). 2. Абхітраваць, абмануць, абвесці вакол пальца. Не ў такіх руках быў і вырабіўся. Ён хоць каго ў лапці абуе, — такі хітрэц. Гл. р., Кл. 3. Даказаць сваё, сваю праўду, спрактыкаванасць, дасведчанасць. Ты хоць і вучаны, а з ім, кажу табе, няма як займацца і прыставаць. Ён не такога як стой у лапці абуе. Што казаць, — у яго і рукі і галава. Гл. р., В. Гл.: Лінг. зб., стар. 200. УЛЕЗЦІ З ЯЗЫКОМ. Гл. З ЯЗЫКОМ УЛЕЗЦІ
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

бюцца, збрыдаць
21 👁