СМЕХІ (смешкі, смешачкі) СТРОІЦЬ з каго. Гл. КЕПІКІ СТРОІЦЬ з каго.
СМЕХУ ВАРТА. З адцен. зніжальн. Смешна! Смех!
Толькі пасмяяцца! Далібог, смеху варта: стары, а зрабіў, як малы. Мін., Камар. Маўчы лепей: смеху варт ехаць у горад напітку накупляць!.. Мін. р., Бараўл. Смеху варта: дваццаць год на машыне; і трэба, зажыгання не выключыў, і сеў акумулятар. Мін. Робіць так, што смеху варт. Малад.
СМОЛЬНЫ ДУБ. Гл. СМАЛОВЫ (смалены) ДУБ.
СОН СКІНУЦЬ. Гл. СКІНУЦЬ СОН.
СПАСЦІ З ЦЕЛА. Схуднець.
Кашляе і з цела спала. Казалі, вельмі прастудзілася. Гл. р., Кл. Як да дзела — абы не спасці з цела. Светл. р., Казл. (Матэр. для сл.).
СПАЦЬ І КУРЭЙ БАЧЫЦЬ. Пра вельмі пільнага, хітрага і непрыкметнага (чалавека). Можна меркаваць, аснова ўзнікнення фразеалагізма — уяўленне пра лісіныя прытворствы, хітрасць.
Вам, здэцца [здаецца], што не вельмі такая. А, браце, спіць і курэй бачыць. Лішняга не скажа, яна табе не прагаворыцца. Гл. Ваша баба спіць і курэй бачыць: нічога не прапусціць. Гл. р., Кл.
Параўн. (у руск.): спать и видеть.
СПІНУ ЎГНУЎШЫ. Гл. УГНУЎШЫ СПІНУ.
СПЛЯСКАЦЬ У ЛАДКІ. Гл. У ЛАДКІ ПЛЯСКАЦЬ.
СПРАКОН ВЯКОЎ. СПРАКУ ВЕКУ. Спрадвечна, ад веку.
Тут яна [веска Дулебы] спракон вякоў. Бярэз. р., Дул. Старыя кажуць, што такой сухаты* спракон вякоў не было, Смал. р., Пятр. Як цяпер, мо' спраку веку тут жылі якіясь людзі. Секлі лес, рабілі поле, лавілі рыбу ў рэчцы, звера білі ў лесе. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
Параўн. (у руск.): испокон веков.
СПРАКУ ВЕКУ. Гл. СПРАКОН ВЯКОЎ.
СПУСКАЦЬ З ВОКА каго. СПУСЦІЦЬ З ВОКА каго. Страчваць пільнасць, пераставаць сачыць за кім.
Мо' на хвілінку спусціла з вока [дзяўчынку], і чаго натварыла! У таз вады і ўсе цацкі ў ваду паўкідала. Падумаць! Няможна з вока спусціць. Малад. р., Радашк.
СПЯВАЦЬ НА ХЛЕБ. Гл. НА ХЛЕБ СПЯВАЦЬ.
СТАНАВІЦЦА НА ХВАСЦЕ. Гл. НА ХВАСЦЕ СТАНАВІЦЦА.
СТАНОВІЦЦА (станавілася) У РОЦЕ. Гл. У РОЦЕ СТАНОВІЦЦА (станавілася).
СТАЦЬ НА СВАІМ. Гл. ПАСТАВІЦЬ НА СВАІМ.
СТАЦЬ У (вялікай) АДГОДЗЕ. Адгадзіць, аддзячыць за дапамогу, за добрую справу.
91 👁