ПАМАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. Гл. МАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ.
ПАМАЦАЦЬ КІЕМ РЭБРЫ каму, чые. Выцяць, ударыць.
Будзеш лазіць у чужы сад, дык нехта, пабачыш, памацае кіем рэбры. Гл. р., Кл. Даў бы ты на
дзень (каня) цыгану, то ён як памацаў бы кіем рэбры — выгнаў бы натуру. Гл. р., пас. Я. Куп.
Гл.: кіем рэбры памацаць.
ПАМІЖ ЛІХА І ГОРА (паміж ліханька і горанька). У горы, у бядзе, калі ў кагосьці не
адна непрыемнасць, бяда.
Усё жыццё сваё жыла паміж ліха і гора. Не тое, дык тое. Ст. Малад. Дабра відзела [бачыла]
мала, а больш было жыць паміж ліханька і горанька. Муся [мусіць, мабыць], шчасце маё
такое. Мой загінуў яшчэ ў тую [першую сусветную] вайну. А сын у польскім войску быў. І
сын не вярнуўся. А цяпер старая зусім гэткая, добра, што людзі не цураюцца. Тамсама.
Гл.: між молата і кавадла.
Параўн.: Адна бяда не ходзіць, за сабою другую водзіць (БППФ).
ПА НЕМАЛЫМ ЧАСЕ. Праз працяглы адрэзак часу, даўгавата счакаўшы.
Сказаўшы тое, стары пачаў збірацца ў дарогу. Па немалым часе пайшоў стары ад прошчы да
прошчы. Засталіся сыны без бацькі, а гаспадарка без гаспадара. Сл. п., Чудз. (А.Сержп.,
КАБСП). Па немалы*м часе падышла пара і радзіўся ў яе гэты хлапчук. Сл. п., Вял. Рож. (А.
Сержп., КАБСП). Кажуць, што папараць цвіце толькі аднэйка [аднойчы, адзін раз] у рок [год]
на Купала. Па немалым часе прыходзіць Купала. Тамсама. Але ось заграе музыка жаласліва і
заплачуць і лес і дуброва, набяжыць хмурка [хмарка], і з неба слёзкі так і пальюцца… Але
ось па немалым часе музыка ад жаласлівага ды на вясёлае зверне. Сл. п., Вял. Рож. (А.
Сержп., СРБП).
ПАНЕСЦІ (кінуць) НА ЎХАБУ каго. Пра паводзіны чалавека, калі ён губляе кантроль за
сабою і робіць глупства.
І робіць, і ў хаце гаспадар як гаспадар, адале [а потым, раптам] панясе яго на ўхабу, — запіў і
ніякага толку. І бацька, казалі, такі самы. Не ты ж кажаш: ідзе, ідзе, адале і панясе на ўхабу.
Гл. р., Вайц. "Кінуць на ўхабу" — тое, што і "панесці на ўхабу", але з адценнем большай
нечаканасці, больш рэзкага змянення (пра чалавека). Так, думаеш, з ім і лёгка?.. На рыбу,
бывала, пойдзем; ловіць, ловіць, а тады яго і кіне на ўхабу: "Ты вінаваты, што не ловіцца!
Хадзем на возера!" Якое возера! Патаміліся, што ног не здалею цягнуць, а ён — "возера"!..
Гл. р., Кл.
ПАНСКАЯ ХВАРОБА. Прытворства, прыкідванне хворым, нямоглым, лічыць сябе
няздольным да працы пры хваробе, якая не робіць чалавека непрацаздольным. Як адгалоскі
былых сацыяльных адносін. Параўн.: Панская хвароба — мужыцкая сіла.
Да дактароў ездзіць ды ўсё панскае хваробы шукае. Які там хворы?! Каб мне, лічуся здаровы,
ды яго здароўе! Навагр. р., Усел. Саромеюся сказаць: падумаюць дый скажуць: на панскую
хваробу захварэла. Во гэтак..., рана ўстаць не магу, у галаве — як шум, звя*ну ўся. Нічога не
рабіла, а ўсё адно як стамілася. Ст. Белар.
ПА НЯДОЎГІМ ЧАСЕ. Неўзабаве, праз невялікі адрэзак часу, нядоўга счакаўшы
11 👁