НАСТУПІЎ НА НАГУ ЧОРНЫ ВОЛ. Гл. ЧОРНЫ ВОЛ НАСТУПІЎ НА НАГУ. НА СУХІ ЛЕС. Не людзям, не каму добраму (пажаданне); няхай прападзе. Ну, як жывеш, Сцяпан? — Ат, якая мая жытка? На сухі лес такую жытку [Сцяпан даўно хворы]. Кап. р., Макр. Такое шчасце, як маё, — на сухі лес. Тамсама. Мне, ты кажаш, добра. На сухі лес такое маё дабро. То ў салдаты выпраўляла, то звяшчэнні [паведамленні] палучала. А на старасці, каб не ўнукі, адна адною, як той кол. Сл. р., Гр. Збіраў, збіраў [грошы] — і ўсё на сухі лес пайшло. Хай яно на сухі лес пойдзе, такое тваё замуства. Уш. р., Арэх. На сухі лес няхай хвароба ідзе. Мсц. р., Зар. (Лінг. зб.). Параўн.: на сухі лес, на ніцыя лозы. Гл. р., Кл. (Матэр. для сл.). Параўн.: 1) Мацярынскі праклён на сухі лес не ідзе. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV); 2) На сухі лес ляці, крумкач. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Ч. Пяткевіч дадае: крумкач — ненавісная ў народзе птушка, як вястун смерці на людзей і жывёлу; таму, пачуўшы крумканне крумкача, людзі кажуць: на сухі лес ляці, крумкач. Тамсама. НАСЫПАЦЬ МАКАМ. Гл. СЫПАЦЬ МАКАМ. НА ТАБЕ. Як выказванне неспадзяванкі, нечаканасці, здзіўлення, расчаравання. Усю вайну мяне ні адна куля не кранула, а пад канец — на* табе! Нарваўся на міну, і нагу адарвала. Мядз. р., Аз. -Пуд. (Хрэстам.). Хату збудавалі, сыны — мае ўнукі — пайшлі вучыцца, аж у Менску [Мінску], на інжынераў абодва. А тут — на* табе! — вайна. Пух. р., Шал. НА ТРЫ ПОЛКІ. Вялікі, ненаедны, ненасытны (пра жывот; у гаворках яшчэ — пуза, юкла). Параўн.: мяшкі звычайна шыюцца з дзвюх полак, толькі часам, на штосьці лёгкае і аб'ёмнае, шыюць з трох полак, шырокія. Хіба ў мяне жывот на тры полкі, што прыганяеш: "еж!", "еж!..". Хлеб на стале, рукі свае, нашто прынука*ць? Гл. р., Кл. НА ТЫМ САМЫМ МЕСЦЫ СЕСЦІ. Нічога не дабіцца, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў. Няма тут чаго яму біць у хамут. Нідзе дзенецца, схамянецца і астадоліцца. Нагарачыўся, накрычаў. А нашто? Паскача, але на тым самым месцы сядзе. Гл. р., Кл. Вельмі так няхай не бярэцца. Каб усё так, як яму ў галаве закруціць, выходзіла? Такі ён знайшоўся гаспадар!.. Пабудзе і на тым самым месцы сядзе. Мудрэй за ўсіх не станеш. Тамсама. НА ЎВЕСЬ ГОЛАС. Гучна, громка, як ёсць сілы-моцы (казаць, сказаць, заспяваць, закрычаць). Яна 'шчэ і цяпер, дарма што восемдзесят, на ўвесь голас запе*е. Наталля, як і бацька — Яўтух, вельмі пе*е. Бывала запе*е жнучы за грэбляю, то і тут чуваць. Гл. р., Кл. Клікай на іх на ўвесь голас. Навагр. р., Свіц. Мы ж на ўвесь голас крычалі. Тамсама. Такая, братка, прырода ў нас: баімося на ўвесь голас сказаць, а ўсё саступаем. І браты, і дзядзькі — усе такія. Клецк. Параўн. (у руск.): во весь голос. НА ЎВЕСЬ РОСТ. 1. Выпрастаўшыся
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абёмнае
9 👁