сваё ліхое дзела, не мае ўвагі на сляпога, а хутчэй ідзе далей. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).
Параўн.: Жаль увагі не мае (пра помсту скрыўджанага). Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, IV).
МІЖ МОЛАТА І КАВАДЛА. У вельмі цяжкім, безвыходным становішчы, калі ў кагосьці адначасова дзве непрыемнасці, няўдачы, бяды; між двух агнёў.
Папаў між молата і кавадла. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, IV).
Параўн.: Між дзвярэй пальца не садзі. Докш. р., Пустас.
Параўн. (у руск.): между молотом и наковальней.
МІНАЮ НАМАГАЦЬ. Рабіць выгляд стараннага, стараннасці (быццам стараецца, напружваецца).
Мінаю намагаць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, IV). Што ты лянуешся? Мы пром [цягнем], аж вочы на лоб лезуць, а ён толькі мінай намагае ды крэкча. Малад. р., Бак.
Уздзейнічаць выглядам, выразам твару, паставаю.
Расказаць, як прасіліся? Ось раскажу. Злавіў панаў ляснік, прывёў да пана. Стаім, чакаем, як яно тут будзе. Бачу, трэба хіба прасіцца: бяда! Я і так, я і гэтак прашуся — нічога. А ён стаіць ціхенька ля мяне. Зірну — а ён так мінаю намагае! Так намагаў мінаю, што пан глядзеў, глядзеў ды як зарагоча. Ого! Ён умеў, як маладзейшы быў! Любога артыста скасаваў бы, — гэткі штукант! Мін. р., ст. Радашк.
МОКНУЦЬ У ГАРЭЛЦЫ. Гл. У ГАРЭЛЦЫ МОКНУЦЬ.
МОЦНАЯ (крэпкая) ГАЛАВА. Пра здольнага да навукі і нястомнага на разумовай працы.
У гэтых во Снітковых зяць занадта вучаны быў. Казалі, у яго надта моцная галава. Малад. р., Міг. Тарашкевіча я бачыць бачыў, але не ведаў. А як Міхайлоўскі, дык з ім ледзь не разам босыя бегалі. Каб майму ўнуку такую моцную галаву! Малад. р., Сыч. Не яму ў акадэмію, — туды трэба крэпкая галава. Гл. р., Кл.
МУХІ Ў НОСЕ ў каго. Гл. МЕЦЬ МУХІ Ў НОСЕ.
МЯККА СЛАЦЬ каму. Залагоджваць добрым словам каго. Ты так мякка не сцялі. Ты мне кажы зразу, чаго хочаш ад мяне. А то пачаў, пачаў..., што не дачакацца. Малад. р., Радашк. Яго ў нас багата хто не любяць. Стане гаварыць табе, дык ужо так мякка сцеле, здаецца во-во хвастом завіляе. Кап. р., Пясоч. А вы ведаеце яго? Стары ўжо. Недзе ў вашым Мінску, даўно ён там. Паслухаць — эх, мякка сцеле! А зробіць так, што не спацьмеш. Не люблю, хто хітруе. Нядобры, хто мякка сцеле. У дарозе з Пясоч. ва Узду.
Гл.: лёстачкамі слаць.
МЯНЯЦЬ БЫКА НА ІНДЫКА. ЗМЯНЯЦЬ БЫКА НА ІНДЫКА. З адцен. жартаўл. ці іран. Выбіраць горшае; мяняць лепшае на горшае.
Пераехаў у Загалле, — называецца, змяняў быка на індыка. Люб. р., Забал. А не мяняй ты быка на індыка. Чым табе тут нявыгада? Усе пад бокам. Тамсама. Вучыўся на інжынера, а тады кінуў, на бухгалтара пайшоў. Толькі што, — змяняў быка на індыка. Стар. Дар.
Параўн.: Змяняў быка ў Мінску на індыка ў Пінску. (БППФ).
76 👁