Старонка 107
◀ / 211 ▶
Ого! Не вельмі згаворышся [справішся ў гутарцы, у спрэчцы, у жартах] з гэткім. Бачу, малады, але спелы. Мін. р., Сёмк. Гарад. Малады, а спелы! Навучыш, як мне жыць — купляць вотруб'я ці мукі, прадаваць сала ці купляць? На ўсё табе дзела! Кабана выкармлю, то на базары і ты купіш. Занадта берацёся вучыць усіх. Малады, а такі спелы... Тамсама. Параўн. (у руск.): молодой да ранний. МАЛАНКАЮ СМАЛІЦЬ. МАЛАНКАЮ СМАЛЯНУЦЬ (смальнуць). 1. Вельмі хутка працаваць, рабіць што. Ды яна проста маланкаю смаліць, — гэтак лоўка робіць. У дарозе з Мін. на Валож. Я не ўмею, а ты дык ужо маланкай смаліш? І ты не надта шмат зрабіла!.. Мін. р., Салом. 2. Востра гаварыць, сказаць, сказануць. Ён, гэты Галуб, так смальне маланкай, што яму і сказаць няма чаго. Язычок, каб яго… Мін. р., Салом. Ён хай скажа, хай толькі азавецца!.. То смаляну яму маланкаю. Тамсама. Параўн. (у руск.): брить, отбрить. МАЛАТАРНЯ ПУСТАЯ. З адцен. пагардл., асудж. Балбатун, меляя. Далі новага брыгадзіра, а хлопцы не ўзлюбілі: ведаць ведае [справу], але вельмі малатарня пустая: тарахціць, балбоча і балбоча, што толькі на язык. Такі, брат, у нас не ўбудзе. Люб. р., Жалы. Каб з кім, а з таею [тою] малатарняю рабіць разам не буду. Гл. р., Ад. А не тарабань ты — малатарня пустая. Каб толку, а то... Гл. р., Кл. Сціхні ты, пустая ты малатарня. Тамсама. МАЛЕБНЫ ПРАВІЦЬ. 1. Набажэнства ў царкве. Пазваў... папа, і сталі малебны правіць. Бых. п. (Е. Рам., БС, IV). 2. Дакучлівае павучанне, дакучлівае разжоўванне кімсьці нейкай думкі, выпадку, здарэння. Схадзілі на вечарынку, дык усю раніцу малебны правіш. Асіп. р., Дубр. Яму пападзіся, дык месяц будзе правіць малебны ды вучыць на ўсе лады. Навагр. р., Любча. Гл.: казань казаць. МАЛОЦЬ (сыпаць) НЕ ПАДСЯВАЮЧЫ. Не задумваючыся, гаварыць абы-што, усялякае глупства; балбатаць, несці (малоць) лухту; маніць. Вазьмі цябе такую за жонку, то рабіць ці рабіцьмеш, а век малоцьмеш не падсяваючы. Гл. Няма ніякага толку. Зачапі — дык сыпле не падсяваючы; не кінь, то дзень не перасціхне. Тамсама. МАЛОЦЬ ПУСТОЕ. НАМАЛОЦЬ ПУСТОГА. З адцен. асудж. Гаварыць (казаць) абы-што, без толку; балбатаць, малоць языком. Гадзіны дзве пустое малоў. Віл. р., Раёўка. Ага ж, намалоў пустога воз!.. Тамсама. Ён пустое меле, а ты? А ты дык разумнае кажаш? Ты ўжо вельмі золата награбаеш? Гл. р., Слаўк. Кінь малоць пустое. Тамсама. МАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. ПАМАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. НАМАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. З адцен. асудж. Гаварыць (казаць) абы-што, без толку; балбатаць, малоць.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
91 👁
◀ / 211 ▶