жа. У колькі дзён [Гітлер] змітрэжыў панскую Польшчу, забраў Чэхаславакію. Між дзвюх рэчак.
Змітрэнжыць зак. 'сапсаваць' (Астр. СПЗБ); змінтрэжыцца зак. 'змарнавацца' (Карэл. Жыв. нар. сл., с. 58). Параўн. польск. mitrężyć 'марнаваць'.
ЗМОЎНІК м. Удзельнік якой-н. змовы; змоўшчык. А на захадзе, за Бугам, за Віслаю, выношвалі ў змяіным сэрцы ліхія помыслы фашысцкія змоўнікі на чале з гітлераўскай зграяй разбойнікаў. На руінах Гомеля.
ЗМРОЧЧА н. Змрок, цемра. І раптоўна моўкнуць струны, Задрыжаў увесь пясняр: У акне скрозь змрочча руны Вырысоўваецца твар! Сымон-музыка.
ЗМУС м., ЗМУСТА ж. Прымус. Стаялі [людзі] маўком ды украдкам Паглядвалі на Белавуса: Як скажа, так будзе і гладка, І згодзяцца ўсе і без змусу. Адплата. І ўсё само, без жаднай змусты, Ну так і просіцца ў твой рот. Рыбакова хата.
Змус м. 'прыгнёт' (Карэл. Сцяшковіч, 1983); змуста ж. 'прымус' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); змусіць зак. 'прымусіць' (Віл. СПЗБ); змусіць, змусціць, смусціць зак. 'звесці, спакусіць' (Касц., Мсцісл., Шкл. МАСМ); змусціць зак. 'спакусіць' (Мсцісл. Юрчанка, 1966); змусціць зак. 'спакусіць' (Гл. Янкоўскі, 1959); змушаць, змусціць незак. 'прымушаць' (Насовіч). Параўн. польск. zmusić 'прымусіць'.
ЗМЫЛІЦЦА зак. Памыліцца. Сцішна. Пуста. Адзінока Свет закрыла цьма густая. Паваротка тут крутая, — Не змыліся ж, маё вока! Бездараж.
Змыліцца зак. 'памыліцца' (Віл., Лід. СПЗБ; Гродз. З нар. слоўн., с. 32), змыліць зак. 'збіць з толку' (Ваўк. Сцяшковіч, 1983), змуліцца зак. 'памыліцца' (Маладз. Жыв. сл., с. 42). Параўн. польск. zmylić się 'памыліцца'.
ЗМЫСЛ м. Кемлівасць; розум. Цяпер толькі ясна стала, — Дзе ж быў змысл жаночы! — Як дачушка паглядала На чорныя вочы. Батрак.
Змысл м. 'кемлівасць, рассудак' (Насовіч); змыслы мн. 'сэнс' (Астр. СПЗБ). Параўн. польск. zmysł 'пачуццё, адчуванне, разуменне'.
85 👁