ЗАЎЧЭСНІ прым. Які наступіў, адбыўся раней, чым трэба; заўчасны. Паслухай добра: чуеш песні? Цяпер яны ўжо не заўчэсні, Ужо бо сонейка праменні Гатуюць шлюбныя адзенні І ткуць карону дарагую Вянчаць зямельку маладую... Новая зямля.
ЗАЎЧЭСНЯ прысл. Заўчасна. Няма ў пісьме ні слоў звароту, Ні нават аўтара пісьма, Затое ж пісар узяў ноту, Што сіл працівіцца няма, Каб не дазнацца, што за песня І лад які яе ў пісьме, І чмыша пан ужо заўчэсня Ды ў нос пахрапвае і дзьме. Рыбакова хата.
Заўчэсне прысл. 'загадзя, своечасова' (Уздз. МСММГ, 1977); 'загадзя, зараней, наперад' (Уздз. СЦБ); заўчэсьня прысл. 'заўчасна, раней часу' (Мсцісл. Бялькевіч). Параўн. польск. za wcześnie 'вельмі рана'.
ЗАФУНДАВАЦЬ зак. Пачаставаць. [Вінцэнт да Сарнецкага:] Калі мёду пан дастане І спірытусу з паўкварты Ды калі мне зафундуе, — Дзіва-цуд я спраўлю. Святы Ян. Карацей сказаць — Барбутовіч хацеў, каб дзядзька Марцін зафундаваў яму ўсё ж такі. Дзядзькаў сведка.
Зафундаваць зак. 'пачаставаць' (Навагр., Смарг., Шчуч. СПЗБ); зафундзіць зак. 'пачаставаць' (Ашм. СПЗБ; Маладз. СЦБ); 'зрабіць пачастунак з выпіўкай' (Гродз. Цыхун). Параўн. польск. fundować 'запрашаць каго-н. і плаціць за пачастунак; купляць каму-н. падарунак; ахвяроўваць што-н.'
ЗАХАДЗІЦЦА зак. Захвалявацца. — Дзядзечка, усё скажу, што ведаю. Збілі з дарогі мяне, дурня. Даруйце мне! — захадзіўся дзяцюк і выдаў усе сакрэты банды. Адзін.
Захадзіцца зак. 'усхадзіцца' (Лоеў. Янкова); 'затурбавацца, забегаць, замітусіцца' (Чэрв. Шатэрнік); 'забуяніць, пачаць бурна, нястрымана паводзіць сябе' (Гл. Янкоўскі, 1970); захадзіцца незак. 'хвалявацца' (Краснап. Бялькевіч).
ЗАЦЕМКІ мн. Прыцемкі. [Панас:] — Заўтра ён [бацька] прыйдзе ў зацемкі. Дрыгва.
Зацемкі мн. 'змярканне' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); 'прыцемкі, час пасля змяркання' (Пух. СЦБ); зацемак м. 'прыцемак' (ТС).
80 👁