ЗАВУШША н. За вушамі. — Конь — на дзіва! А бяжыць — перуном смаліць! Вецер па завушшу свішча! — натхнёна гаворыць Амяльян. На «святой зямлі».
ЗАГАВЕЦЬ зак. Спыніцца. Вясна кончылася, а яе і не было: то холад, то суш. Як прайшоў адзін дождж, дык так на гэтым і загавеў... На схіле дзён.
ЗАГАГОКАЦЬ зак. Заржаць. Чуць толькі паказаўся ён [Сцяпан] на парозе, як каровы зараз жа прыветна замыкалі, а коні вясёла загагокалі. Старыя падрызнікі.
ЗАГАРАК, ЗЭГАРЭК м. Гадзіннік. А маладыя хлопцы ходзяць шчэ чысцей; іншы так, падла, убярэцца ў святы дзень, што ўсё роўна як паніч: порткі драпавые навыпуск, пільчак харошы, шапка з шырокім верхам, возьме ў рукі парасон ды шчэ як пачэпіць загарак! Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле. Ціха ў леснікавай хаце. Толькі чутно было, як спалі дзеці; дзесь у запечку ціханька чычыкаў шашаль, як зэгарэк, схаваны ў кішэні. Зімні вечар.
Загарак м. 'гадзіннік' (Астр., Ашм., Воран., Зэльв., Лаг., Паст., Стаўб. СПЗБ; Лях. ДСБ; Шчуч. Сцяшковіч, 1972); зэгяр м. 'насценны гадзіннік' (Гродз. Цыхун). Параўн. польск. zegar 'гадзіннік', zegarek 'малы гадзіннік'.
ЗАГАРГАТАЦЬ зак. Загагатаць. У канцы сяла загаргаталі гусі і качкі. Летняя раніца ў вёсцы.
Загаргатаць зак. 'загагатаць' (Смарг. СПЗБ). Параўн. літ. gargeti 'гагатаць'.
ЗАГАСІЦЬ зак. З размаху моцна ўдарыцца аб што-н. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся, На брук зляцеў ён з тратуару, Перакруціўся разоў пару І так у брук бядак загасіў, Траха манеркі не расквасіў. Новая зямля.
ЗАГІЗАВАЦЬ зак. Прыйсці ва ўзбуджаны стан; пачаць хутка танцаваць. Ды, сказаць, было і трудна Лад, спакой тут [у карчме] захаваць: Як пачнуць музыкі граць, загізуе і марудны. Ігрышча.
Загізаваць зак., перан., экспр. 'пачаць бегаць' (Паст. СПЗБ). Параўн. літ. gizúoti 'гарачыцца'.
ЗАГІНА ж. Мучэнне, пагібель. «Там — пакута, там — загіна. Ніколі шчаслівы смех не асветліць у астрозе твараў нявольнікаў», — казала думка. Цені мінулага
95 👁