Канву ж для іх дае само жыццё. — Завілавата гаворыш, мой браце. Не выпіўшы чаркі добрай настойкі, нічога не разбярэш. Сказаўшы так, Балоціч падаўся да свайго даволі прыгожага і нават утульнага буфеціка. На ростанях. Параўн. польск. zawile 'блытана, няясна, незразумела'.
ЗАВІЛАВАТАСЦЬ ж. Слоўная мудрагелістасць, напышлівасць. У гэтай завілаватасці слоў і слоўнага штукарства яны [маладыя паэты] забывалі пра змест, забывалі пра тое, што робіць паэзію здабыткам масавага чытача. Стварыць сапраўднае сацыялістычнае мастацтва.
ЗАВІЛАВАТЫ прым. 1. Які прымае звілісты напрамак. Падзеі ідуць не па простай лініі. Лінія мяняецца, робіцца завілаватай, крывою. З пісьма. 2. Вычварны. Шмат хто з жыхароў камеры пачынаў дзень завілаватаю лаянкаю. На ростанях. Завілы прым. 'завілісты' (Навагр. Сцяшковіч, 1972).
ЗАВІЦЬ зак. Хутка пайшоўшы, знікнуць з поля зроку. Яна [жанчына] закрыла галаву шарфам, борздзенька шмыгнула ў кусты і знікла з вачэй. Гэтак жа шпарка завіў і кавалер, падаўшыся ў другі бок. На ростанях.
ЗАВОІНА, ЗАВОІНКА ж. Завадзь, затока ў рэчцы. — Вось давай, брат, патрасём гэту завоінку, — сказаў Марцін. Завоінай называлася паласа стаячай вады пры беразе. Звычайна яна зарастала розным зеллем, лотаццю, макрыцай, сітняком. На ростанях. Завоіна ж была амаль уся наперадзе. Рыбакі яшчэ больш асцярожна пасоўваліся ўздоўж берагу. Там жа. Завоіна ж. 'затока' (Дзярж., Чэрв. СПЗБ); завонь ж. 'затока' (Мядз. Нар. сл., с. 60); завоня ж. 'сажалка' (Гродз. Сцяшковіч, 1983).
ЗАВУАЛЯВАНЫ прым. Няясны, скрыты, прыхаваны. Невысокі хударлявы чалавек, сейбіт буры і змагання, упэўнен у гэтым, бо перад яго вачыма раскрыта праўда жыцця і яго завуаляваныя спружыны. Дрыгва.
ЗАВУГОЛЛЕ н. Месца, дзе сутыкаюцца дзве сцяны ў памяшканні; вугал. Тым часам маці тарапліва Закон дзядоў сваіх спаўняе: Кладзе кусочак хлеба з соллю Пад красны кут у завуголле, Апошні раз глядзіць на хату, Дзе многа дробязі на страту Пайшло ў час гэты перабору. Новая зямля.
132 👁