ПАДШЫБЦІ, ПАШЫБЦІ зак. Ахапіць, апанаваць. Падшыбла злосць яго [дзядзьку Антося] такая, Што каб прымеў бы, ўзяў саломы Ды падпаліў бы ўсе харомы, Бо ўсе дарогі загрузілі І свет яму тут зачынілі. Новая зямля. Марына ўся аж задрыжала, І жаль пашыб яе і злосць.. Рыбакова хата.
Параўн. укр. пошибати 'нападаць (пра плач, хваробу і г. д.)'.
ПАДШЫВАНКА ж. Вяроўка для падплятання лапцяў. Дарэктар выдаўся мяркоўны І лепшы нават, як свой кроўны; Умей з ім толькі пагадзіцца, Раменным вушкам паддабрыцца Ці падшыванку звіць на лапаць, — За вуха ён не будзе цапаць.. Новая зямля. Суставы мае балелі, баляць і будуць балець, як некалі казаў Якуб Колас: «Не паможа падшыванка, не паможа рэмень». З пісьма.
Падшыванка ж. 'вяроўка, якой падплятал і лапці' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); подшыты дзеепрым. 'пацягнуты', 'крыты' (ТС).
ПАДЭРВЫ мн. Канец, пагібель. Заселі, гадзюкі, кляшчамі, У дрот увесь край заплялі, Угрызліся ў зямлю зубамі, Хоць горкі ім хлеб той зямлі. Ды будуць і тут ім падэрвы, Усе залапочуць: капут! Адплата.
ПАЖАГНАЦЦА зак. Перахрысціцца. Калі ўсе госці пазбіралісь, Антось з Кандратам пажагналісь, Узялі і ночвы, і куродым. — Ну, памажы, святы Мікодым... Новая зямля.
Жагнацца незак. 'хрысціцца' (Ашм. СПЗБ; Уздз. МСММГ, 1970); жегнацьца незак. 'хрысціцца', пожегнацьца зак. 'перахрысціцца' (Насовіч).
ПАЖАГНАЦЬ зак. Перахрысціць. Бабы старыя свой твар пажагналі, Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі. Жніво.
Перажагнаць зак. 'перахрысціць' (Ваўк. Сцяшковіч, 1972). Параўн. польск. żegnać 'хрысціць', żegnać się 'хрысціцца'.
ПАЖАЛКАВАЦЬ зак. Пашкадаваць аб чым-н. — Эх, стрэльбы добрай няма ў мяне! — пажалкаваў дзед Талаш. Дрыгва.
Пажалкаваць зак. 'пашкадаваць' (Чэрв. Шатэрнік); жаловаць незак. 'шкадаваць' (Іўеў. СПЗБ); жалкаваць незак. 'шкадаваць' (Лоеў. Янкова).
88 👁