НАПІС м. Надпіс. Тут шмат было паваротак і каб не напісы, дык новы чалавек мог бы лёгка заблудзіцца. На ростанях.
Параўн. польск. napis, укр. напис 'тое, што коратка напісана на чым-н.'
НАПІЦАВАЦЬ зак. 1. Запіхваючы што-н. унутр чаго-н., напоўніць, напхаць. А рыба трапечацца ў кашы, аж гіжыць. І далей другія бучы кантралюем, А ўсе іх абыдзем — мяшок напіцуем. Дзяціныя годы. 2. перан. З'есці многа чаго-н. [Алесь да Кастуся:] — Ты, брат, глядзі, не ашукайся: Не надта зразу накідайся, Бо потым шчыра пашкадуеш, Калі жывот свой напіцуеш.. Новая зямля.
Напіцаваць зак. 'многа накласці, набіць бітком' (Карэл. Нар. сл., с. 88); 'напхаць, набіць' (Стаўб. Нар. сл., с. 151; Слон. Жыв. сл., с. 156).
НАПЯТА прысл. 1. Напружана. За барыкадамі напята Чакаюць бою юнкеры, А іх тут тысячы са тры. На шляхах волі. 2. Востра. Ляжыць і Шкунда... збіты, змяты... Пытанне ўсё ж стаіць напята: А хто ж каго тут перамог? На шляхах волі.
НАСЛЯПОЕ прысл. Усляпую. Было ўсё чорна тут ад сажы, Насілась густа пылу пража; Адно акенечка і тое Глядзела цьмяна насляпое. Новая зямля.
Насляпкі прысл. 'наўгад' (Свісл. Сцяшковіч, 1983); наслепо прысл. 'не бачачы' (Насовіч).
НАСМАЛЯЦЬ зак. Вельмі хутка зрабіць што-н.; наставіць. Фельчар зараз распрануўся, З торбы струманты дастаў, І Лукаш не аглянуўся, Як ён банак насмаляў, Зрэзаў спіну, і не знайся. Доктар памог.
НАСТОЙНА прысл. Настойліва. А сэрца б'ецца неспакойна, На волю просіцца настойна, Ну, хоць пад тыя вішнякі.. На шляхах волі.
Параўн. укр. настійно 'настойліва'.
НАСТРАЁВЫ прым. Які выклікае пэўны настрой. Мінем дарогі, іх малюнкі, Ім не падведзены рахункі; Яны заўсёды свежы, новы І мнагадумны, настраёвы, Іх ні прайсці, ні азірнуць, Яны сваім жыццём жывуць. Новая зямля.
Параўн. польск. nastrojowy, укр. настроєвий 'які выклікае пэўны настрой, разлічаны на з'яўленне пэўнага настрою'.
83 👁