МОДЛЫ мн. Малітвы, маленне. Ідзе [дзядзька] без шапкі, круціць носам — Гаворыць пацеры з засосам.. Маліўся дзядзька з тым разлікам, Каб кончыць модлы каля дома.. Новая зямля.
Модлы мн. 'набожныя людзі' (Воран. СПЗБ); у знач. прым. уст. 'набожны' (Маладз. СЦБ). Параўн. польск. modły 'малітвы, маленне'.
МОЖНАСЦЬ ж. Магчымасць. Спакой і цішыня ночы даюць можнасць праслядзіць грозную і дзіўную музыку грому.. Прад навальніцаю ўночы.
Можнасць ж. 'магчымасць' (Смарг. СПЗБ); можносць ж. 'магчымасць' (Насовіч). Параўн. польск. możność 'магчымасць, здольнасць, спрыяльны выпадак'.
МОЗАГ м. Мозг. Так, не весел ты, рабочы, Гнеш панура сваю спіну, Мозаг думаць тут не хоча. На шляхах волі.
Мозаг м. 'мозг' (Бяроз. Шаталава); мозык м. 'мозг' (Краснап. Бялькевіч); мозокъ м. 'мазгі' (Насовіч).
МРОК м. Цемра. Цісне зямлю ночка мрокам, Ноч сысці марудзіць. Матчына прычытанне.
Мрок м. 'змрок, цемната' (Мсцісл. Бялькевіч; Насовіч). Параўн. польск. mrok 'цемра, змярканне'.
МУЖНІН прым. Мужаў. Але бабка ўсім давольна І не мысліць злога Тым, хто выгнаў сваявольна З мужніна парога. Батрак.
Мужні прым. 'мужаў' (Смарг. СПЗБ).
МУЛ м. Іл. Зазнаў тут бедны човен гора: Каламі Костусь яго пора І ва ўсе бокі яго круціць, І толькі воду каламуціць, Бо тут гразі больш, чым вады, І мулу, рознае брыды. Новая зямля. У нас многа рэк, рэчак, заліўных лугоў, азярын і затокаў, на дне якіх спрадвеку ляжаць глыбокія пласты мулу — сапрапелі, якія з'яўляюцца найлепшым угнаеннем для палёў. Задачы савецкай школы.
Мул м. 'іл, глей' (Гродз. Цыхун; Малар. ДСБ); 'іл' (Астр., Бар., Воран., Гарад., Гродз. СПЗБ); мула ж. 'іл' (Лід. СПЗБ); 'глей на дне возера або ракі' (Воран. Сцяшковіч, 1972). Параўн. польск. muł, літ. mulas 'іл'.
МУЛАВАТЫ прым. Ілісты. Дно возера мястамі вязкае, мулаватае, мястамі тупкае з дробненькім, жоўценькім пясочкам. Паездка на Асінбуд.
115 👁