ЛІСЦІЦЦА незак. Падлашчвацца, падлізвацца да каго-н., падхалімнічаць перад кім-н. Не лісціся к сільным, дружа, Зеллейкам-бярозкай, Бо не выйдзеш век з-пад гужа, Страціш вобраз боскі.. Будзь цвёрды. Лісціцца незак. 'падлізвацца, лашчыцца' (ТС). Параўн. укр. леститися 'ласкава гарнуцца, праяўляць ласку да каго-н., ласкай, дагадлівасцю намагацца звярнуць на сябе ўвагу каго-н., дабіцца даверу або замаскіраваць свае хітрыя, злыя думкі, намеры'. ЛІТАРАЦКІ прым. Літаратарскі, пісьменніцкі. Ну, словам, як вядзецца, Гаворка іх пляцецца, Не знаючы цэнзур, Ні густу літарацкага, І слова забіяцкага Не чэшуць тут пад шнур. Паслушная жонка. Параўн. польск. literacki 'літаратарскі, пісьменніцкі'. ЛІХАТА ж. Няшчасце, зло, бяда, ліха. Праклят жа будзь, пасланнік ліхаты, Спустошыўшы зямлю мае айчыны! Мае мары. І зноў сябе ён [пан Богут] дакарае: «Эх, мой васпане, схібіў ты, Нажыў, Мікодым, ліхаты, Папаў у пекла замест раю!» Рыбакова хата. Ліхота ж. 'непрыемны выпадак, гаротныя абставіны' (Насовіч); ліхота ж. 'жорсткасць, лютасць, бязлітаснасць' (ТС). ЛІХВА ж. Прыбытак, працэнты, звычайна празмерныя, з адданага ў пазыку. А ўжо пра баравікі і гаварыць не прыходзіцца — вярну свой пост і з ліхваю вазьму за яго. З пісьма. Параўн. руск. лихва 'барыш'. ЛОЗНІК м. Зараснік лазы, лазняк. У грамадзе навіны, чуткі, Як ручаі журчаць вясной Або той вецер прад гразой, Калі ён хіліць лознік гнуткі. Рыбакова хата. У параўн. Тут музыкі — лознік гібкі — Падымаюць, хто кларнет, Хто басэтлю, а хто скрыпку, Каб аздобіць той банкет. Сымон-музыка. Лазнік м. 'зараснік лазы' (Брасл., Паст., Чэрв. СПЗБ). ЛОПУХ м. Лотаць. Круглыя зялёныя лопухі купаюцца ў ёй [вадзе], калышацца расянка на тонкіх доўгіх ніцях-сцяблінах. На ростанях. Лопух м. 'жоўты збаначнік' (Краснап. Бялькевіч); 'белы гарлачык' (ТС).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
92 👁