летнікоў зліваўся ў адну доўгую-доўгую аднатонную песню, і, здавалася, прырода была закалыхана гэтым крыху сумным звонам. У старых дубах.
ЛЕТУЦЕНКА ж. Летуценніца. Наліў [Лабановіч] па чарцы віна і вельмі ўпрашаў выпіць, называючы іх [паненак] дыяментамі Палесся, божымі летуценкамі. На ростанях.
ЛЕТУЦЕНЬ ж. Мара пра што-н. прывабнае, жаданае; летуценне. Гручыць машына, чмыша дымам, Мінае воласці, павет. Губерня нова — новы свет. Ды ўсё ў дарозе ідзе міма, Мільгнуўшы толькі прад вачыма, Як летуцень юнацкіх лет. На шляхах волі.
ЛЁГАЧНІК м. Хворы на лёгкія. Ён [хворы] вельмі многа кашляў, быў яшчэ худзейшы, чым я цяпер. Я думаў, што гэта лёгачнік. З пісьма.
ЛЁКАЙ м., перан. Падхалім, паслугач. Дзе ж посулы паноў, Іх лёкаяў аб роўнасці, аб волі? З дарогі. Параўн. польск. lokaj 'лакей'.
ЛЁСЫ прым. Задаволены, шчаслівы, рады. Паражняком, улегцы. Антось, як сонца, засвяціўся: Даўно аб чоўне ён смуціўся. Дадому дзядзька ехаў лёсы, Кладзе ён човен на калёсы, І едзе наш Антось вясёлы... Новая зямля.
Лёсы прым. 'шчаслівы, задаволены' (Лід. Сцяшковіч, 1972).
ЛЁТКА прысл. Хутка, лёгка. Скавародка Ходзіць лётка, Спрытна ў бабіных руках. Дзед і мядзведзь.
Лётка прысл. 'хутка' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); лётка прысл. 'лёгка' (Верхнядзв. СПЗБ); лёткі прым. 'лёгкі, жвавы' (Слон. Сцяшковіч, 1983). Параўн. польск. прастам. letki 'лёгкі'.
ЛЁТНІЦТВА н. Лятанне. Дарога, праўда, была не доўгая, ды дзяцел па часці лётніцтва не вялікі мастак: падляціць трохі ды прысядзе, а разам з гэтым у сілу сваёй прафесіі зірне на адно, на другое дрэва. Як птушкі дуб ратавалі.
ЛЁХА ж. Шчыліна, дзірка. Іх [пані Даміцэлю і Алену] раздзяляе тонкая перагародка, а каля печы ёсць яшчэ і такая лёха, накшталт громкагаварыцеля, што вельмі добра перадае голас. Хатка над балотцам.
Лёха ж. 'адтуліна, шчыліна' (Докш. МСНДМ, с. 141); 'адтуліна ў падмуроўцы' (Лаг. СЦБ). Параўн. ням. Loch 'падземны ход'.
97 👁