КВАКУХА ж. Жаба. Тут жа можна напаткаць яшчэ там-сям і сляды першабытнай арахоўскай прыроды, калі не пачыналася тут гэтае будаўніцтва: маленькія тыповыя балотцы на ўзгорку з купінамі зялёнай травы, дзе вечарамі даспеўваюць свае песні зялёныя квакухі. Паездка на Асінбуд.
Квакша ж. 'дрэвавая лягушка' (ТСБМ); квакаць незак. 'квакаць (пра жаб)' (Шчуч. СПЗБ; Навагр. Сцяшковіч, 1972).
КВАПІЦЬ незак. Прыцягваць увагу, цікавіць. Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку — Ўсё гэта квапіла хлапчынку, Цягнула крэпенька, бывала, І як рукою, злосць знімала. Новая зямля.
Квапіць незак. 'цікавіць, прыцягваць увагу' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); квапный прым. 'прывабны' (Бяроз. ДСБ).
КВАТЭРА ж. Лясніцтва, памяшканне, дзе жыў ляснічы. І ўсё жывенькае вітала Усход яго [сонейка] на ясным небе І клапатком аб пільным хлебе Дзянёчак новы зачынала, Калі Міхал і пан Ксавэры Ўзышлі маўчком на двор кватэры. Новая зямля.
КВЕТ м. Краска, кветка. Косы чорныя маўкліва Распусціла ноч па свеце, На лістку, на кожным квеце Волас звіс яе жычліва. Сымон-музыка. 2. Ласкавы зварот да каго-н. [Мар'яна:] Былінка мая ты, мой квет. Загінуў ты смертухнай лютай, Нашто ж ты радзіўся на свет? Адплата.
Квет м. 'кветка' (Лоеў. Янкова); квят м. 'кветка' (Смарг. Шаталава); квяты мн. 'кветкі' (Пух. МСММГ, 1970; Докш. МСНДМ, с. 139). Параўн. польск. kwiat 'кветка'.
КВІТ, КВІТА выкл. Канец; баста, усё. [Садовіч да Лабановіча:] — Не, брат, гэта ідэя! А месца тут якраз звальняецца. Падам прашэнне — і квіт. На ростанях. Іх тут годзяць І разводзяць, А яны [Тарэся і Аўгіня], Як бараны, Пашчапляліся і квіта, Толькі пыхкаюць сярдзіта. За дождж.
Квіт м. 'квіт, канец' (Мсціcл. Бялькевіч).
КВІТОК м. Дакумент, якім што-н. пацвярджаецца. — Вам што? — секануў загадчык. — Я здаў экзамены на рабфаку, а мяне не прынялі. — І падае [Сцёпка] квіток аб здачы экзаменаў. Загадчык зірнуў на квіток. На прасторах жыцця.
85 👁