КАРЫСТАЦЬ незак. Карыстацца чым-н. Хто быў дужшы і праворны, Той грунт лепшы карыстаў, А слабейшы і пакорны Жыцце толькі марнаваў. Сымон-музыка.
Карыстаць незак. 'карыстацца' (Ашм. СПЗБ).
КАРЭНКАВАТЫ прым. 1. Каржакаваты (пра чалавека). Гэта быў невысокі, карэнкаваты чалавек з шырокім тварам, з пранізлівымі выцвіўшымі вачамі. На ростанях. 2. З тоўстым коранем, каранасты (пра грыбы). Так многа іх [грыбоў], і ўсе таўсматы, Прыземісты, карэнкаваты, Чорнагаловы, паўнацелы.. Новая зямля.
Карэнкаваты прым. 'каржакаваты' (Кам. Жыв. нар. сл., с. 43).
КАСАВАЦЦА незак. Адчуваць сябе староннім, пабочным. Калі ён [інспектар] уваходзіць у школу, настаўнік павінен ісці на два крокі ззаду, а ў школе зусім касавацца. На ростанях.
КАСАРСТВА н. Касьба, кашэнне. Агледзьце, братцы, добра косы, Каб не псаваць свае пракосы, Каб не ўвадзіць людзей у грэх, Касарства зводзячы на смех. Новая зямля.
Касар м. 'касец' (Лоеў. Янкова).
КАСТРЭЖЫЦЬ незак. Змятаць у кучу. Ён [Амелька] кастрэжыць у кучу амецце, думае аб сюжэце свае камедыі і аб тым, дзе і як яго выканае. Драматург і лірычны паэт.
КАСЦЁР м. Стос, горка. Паміж дзвюх лаў пад абразамі Туліўся стол з двума кастрамі Аладак грэцкіх, як пампушак, Ды хлеба з зайчыка краюшак. Новая зямля.
Касьцёр м. 'сцірта колатых дроў' (Беш. Нар. сл., с. 94);
кастрог (кастрох) м. 'касцёр' (Гродз. Цыхун).
КАТАВАСІЯ ж. Беспарадак, мітусня, неразбярыха. [Пілін:] Каля Харланаўкі дзве батарэі пастаўлены. Такая, брат, сумятня, катавасія... Эх, заварваецца каша! Крывавы вір.
Параўн. руск. прастам. катавасия 'мітусня, беганіна, сумятня'.
КАТАНКА ж. Від верхняй вопраткі. Ці ты [небарача] глух на папіханкі? Свецяць рэбры скрозь катанкі, А праз шапку чуб прабіўся.. Эй, скажы мне, небарача... Вобразн. Выйшлі цені на палянку, Ўсе пад нумарамі, Ў беласнежную катанку Ўлезшы з галавамі. Пад Новы год.
83 👁