ЗЭГАРАК гл. ЗАГАРАК
ЗЭС м. Пярэдні план; перад. Стары крумкач з панскім носам важна выступаў сярод галак і варон, праціскаючыся на самы зэс. На ўсё ёсць прычына.
Зэс м. 'пранізлівы холад' (Паст. СПЗБ; Мядз. СЦБ).
ЗЮКАЦЬ незак. Спакойна, ціха размаўляць. А потым глядзелі на Копысь, Зноў зюкалі мірна, як старцы, І выпілі, ну, як і колісь, Добрай гарэлкі па чарцы. Янку Купалу.
Зюкаць незак. 'гаварыць' (Мсцісл. Бялькевіч); 'паціху размаўляць' (Карэл. Сцяшковіч, 1983); 'размаўляць патаварыскі' (Насовіч); зюзюкыць незак. 'весці лагодную размову' (Чав. Нар. сл., с. 132); зюзюкацца незак. 'размаўляць' (Лоеў. Янкова).
З'ЯВІНА ж. Праява. [Сымон:] — Дзедку, глянь, а што бліскае Там, дзядок, каля крыніц? Блісь — і зараз жа знікае... Што за з'явіна такая? Што за забаўкі начніц? Сымон-музыка.
ЗЯКРАТЫ прым. Выпучаны, лупаты. Зякратыя вочы яго [Пятра] кідаюць іскры, запушчаны твар, як шэсць гадоў нясеяная пасека, грозна паварочваецца да цыбатай фігуры Сцяпана. Туды, на Нёман!
Зякраты прым. 'вірлавокі, зіркаты' (Навагр. Жыв. сл., с. 23); 'зякраты (пра чалавека) — з вялікімі вачыма' (Гл. Янкоўскі); зяграты прым. 'вірлавокі, з вялікімі вачыма' (Гродз. Цыхун); 'лупаты' (Маладз. СЦБ).
ЗЯЎРА ж. Шырокая адтуліна. — Не стой ты, хлопец, пры аконцы: З акна, як з зяўры, дзьме бясконца! Зноў будзеш кашляць, — кажа маці. Новая зямля.
Зяўра ж. 'пашча звера, жывёлы' (Карэл. Сцяшковіч, 1972); зяўраць незак. 'быць адчыненым увесь час (пра памяшканне)' (Стаўб. Жыв. сл., с. 107); 'быць насцеж адчыненым' (Жлоб. Жыв. сл., с. 116).
І
ІДЭЁВЫ прым. Ідэалагічны. І сягоння мы адчуваем Бялінскага поплеч з намі ў нашай ідэёвай барацьбе. З прамовы. Параўн. польск. ideowy 'ідэйны, ідэалагічны'.
85 👁