ІЛЖА ж. Няпраўда, хлусня. Бо хто ж ведаў, скажы, Аб забытым народзе і краю? Цемра зману, ілжы Тут стаўляла крыжы, Як слупы па дарозе да раю. Думкі да дваццацігоддзя БССР.
ІМГЛІВЫ прым. Імглісты. Знік [бляск месяца] у рунях і ў шаўкох Хмарачак маўклівых, І гусцей на землю злёг Гэты змрок імглівы. Ноч.
ІМЖАКА ж. Імгла, імжа. У тумане цяжка, цесна. Пыл імжакі тчэ палотны. На шляхах волі.
Імгла, імла ж. 'імжа' (Докш. СПЗБ); імжак, імжэнь м., імжачка, мжака ж. 'імжа' (Бых., Касц., Кругл. МАСМ); імгла ж. 'імгла' (Гродз. Сцяшковіч, 1972); імжа ж. 'імжа, дробны дождж (увосень)' (Краснап. Бялькевіч).
ІМКЛІВІЦЬ незак. Імкнуцца. Любімцы народа, героі вышынь Не ведаюць страху ніколі, І вышай ды вышай у ясную сінь Імклівіць палёт іх саколлі. Памяці П. Асіпенка і А. Сярова.
ІМКНЕННЫ прым. Імклівы, хуткі, быстры. Шуміць ён [перавал] вольны і імкненны І гучна-звонны й бела-пенны! Новая зямля.
ІМПАТ м. Гарачы парыў; імпэт. Да дзядзькі страшна прыступіць, Але патроху і памалу Ён траціць імпаты запалу, У яго душы сціхаюць громы.. Новая зямля.
Імпэт м. 'энергія чалавека' (Пін. Жыв. сл., с. 164); 'імпэт, імкненне, жаданне' (Мсцісл. Бялькевіч). Параўн. польск. impet 'парывістасць, імклівасць, націск'.
ІМЯЛО н. Від расліны. Толькі ж узрасло яно [зернетка] між чужынцаў: поруч з ім рос званец, мяцёлка, а каля саменькага карэння ціснулася ўсялякая трава-драбяза: шчытнік, імяло, белая дзяцеліна, муражок і розныя краскі. На чужым грунце.
Імяла н. 'амела' (Карэл. Нар. лекс., с. 158); імяла 'амяла' (Дзятл. СПЗБ); імала ж. 'від расліны' (Лоеў. Янкова).
ІНАК прысл. Іначай. Уважна слухае [Дзяжа] ваяк, Ідучы сценкаю глухою, А сам з надзеяй патайною Мяркуе ўсё ж такі інак. На шляхах волі.
Інак прысл. 'іначай' (Лоеў. Янкова); 'інакш' (ТС); інакш прысл. 'іначай' (Паст. СПЗБ).
83 👁