НЕБА КАЖА, ШТО БОТЫ, ЗІМЛЯ КАЖА, ШТО БОСЫ *. Пра дзіравыя боты знізу. Пра добрую з выгляду рэч, але непрыгодную да ўжытку.
НЕШТА ВЯЛІКАЕ Ў ЛЕСЯ ЗДОХЛА *. Гавораць, калі ў хату зойдзе рэдкі госць, здарыцца непрадбачаны выпадак, або што-н. зробіць чалавек, ад якога такога не чакалі.
НЕШТА НЕЙКАЯ ДЫ НЕКУДЫ ПАЎЗЕ *. Жарт з чалавека, які хваліцца, што ўсё ведае, але не знае простых рэчаў, тлумачачы іх па-свойму і незразумела. Федароўскі: Нешта нейкае.
НІ АДЗІН ЧОРТ ЛАПЦІ СТАПТАЎ, ПАКУЛЬ РОЎНЫХ САБРАЎ *. Кажуць пра тых, якія не ўступаюць адно аднаму па сваіх адмоўных якасцях, — мужыка і жонку, сяброў і г. д. Насовіч: Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару дабраў; Федароўскі: Чорт сем пар пасталоў стаптаў, покі нас да места сабраў.
НІ АДНЭЙ КАЗЕ ВОКА ВЫЛІЗЯ. Жартуюць, калі спадзяюцца, што некаму здарыцца нечаканасць.
НІ БАЦЬКА СПРАЎЛЯЎ, І НЯ СЫН ПАГАНЯЯ *. Маецца на ўвазе конская снасць, калі нехта нядбайна з ею абыходзіцца. Кажуць, калі нехта нядбайна абыходзіцца з чужой маёмасцю.
НІ БАЧА САВА, ЯКАВА САМА. Калі нехта абгаворвае іншага за недахопы, а сам мае яшчэ большыя заганы. Благі чалавек пра ўсіх дрэнна адгукаецца. Насовіч: Паглядзі, сава, якава сама; Федароўскі: Не бачыць сава, якая сама, да другіх бачыць.
НІ БУДЗІ ЛІХА, КАЛІ СЬПІЦЬ *. Гэтак раяць не чапаць задзірыстага і не трывожыць балячкі, калі яна не турбуе. Федароўскі: Ні будзі ліха, ніхай спіць; Ніхай будзе ціхо ліхо.
НІ БЯРЫ ЧУЖОГА І НІ БОЙСЯ НІЧОГА. Нявіннаму няма чаго баяцца. Насовіч: Не займай чужога, не бойся нікого; Грынблат: Не чапай нічога і не бойся нікога; Федароўскі: Не руш чужого, не бойся нікого.
НІ ГАДЗЬСЯ, КОТ, СЫТЫМ САЛАМ. Гавораць пра ганарыстую асобу, якая пагарджае больш вартымі за сябе людзьмі.
75 👁