НА ЦІХАГА БОГ НАНЯСЕ, А РЭЗВЫ САМ НАБЯЖЫЦЬ *. Калі спакойнаму чалавеку здарыцца няшчасце, а рэзвы трапіць у няшчасце сам, па ўласнай ініцыятыве.
НА ЧУЖУЮ ПАВАРУ НІ НАСТАЎЛЯЙ ВАРУ *. Калі адсутнічаюць адпаведныя ўмовы і неабходныя інструменты, прыстасаванні, не пачынай работы.
НА ЧЫІМ ВАЗКУ ЕДУ, ТАМУ Й ПЕСЬНЮ ПЯЮ *. Хто з чыёй ласкі жыве, таму дагаджае. Насовіч: На чыём возе едзеш, таму і песьні спявай; Федароўскі: На чыём возі еду, таму і песню сьпеваю.
НА ЧЫМ СТАНУ — НЕ АДСТАНУ. Кажа ўпарты, настойлівы чалавек.
НАГРЭТАГА КУТОЧКА ШКОДА ПАКІДАЦЬ. Пра таго, хто на адным месцы абжыўся і не хоча пакідаць яго. Федароўскі: Кожнаму свой куток мілы.
НАД СІРАТОЙ БОГ З КАЛІТОЙ *. Калі беднаму чалавеку пашанцуе чым-н. разжыцца, палепшыць свой дабрабыт. Федароўскі: Над удавою бог з калітою.
НАТРАПІЎ ЗЛЫ НА ПАГАНАГА. Калі ў спрэчку ўступаюць ліхія, якія адзін аднаму не ўступяць. Федароўскі: Свой на сваго натрапіў.
НАША ДЗЕЛА НІ ХАДЗІЦЬ БЕЛА *. На думку селяніна, белы, хораша прыбраны той, хто не працуе. Насовіч: Не глядзі — бела, абы б рабоча была; Федароўскі: Не глядзі — бела, абы да бела.
НАША СОРА ШЫЯ Й ПОРА. Пра няўдалага работніка, які часта перарабляе сваю работу.
НАШТО ТАКІЯ ЗБЫТКІ: ПА ТРЫ ГРЫБЫ Ў КАПУСТУ! Іранічна кажуць пра скупога.
НАШУ ДАЧКУ ПАЗНАЮЦЬ І Ў АНДАРАЧКУ. Добра выхаванага і з пачцівай радні паважаюць і ў простым уборы. Гэтак кажуць і таму, хто няёмка адчувае сябе сярод чужых людзей. Федароўскі: Пазнаюць маю дачку і ў чырвоным андарачку.
НАШЫ ГРОШЫ НЕ ТРЭСКІ *. Кажуць таму, хто дорага просіць за свой тавар. Федароўскі: Я грашамі ні серу.
НАШЫ СЛУГІ ПАГНУЛІСЯ Ў ДУГІ *. Кажуць, калі работнікі хворыя або гультаі.
78 👁