давай; Хоць гаршком называй, адно ў печ не стаўляй; Няхай бы чортам называлі, абы ў балота не гналі; Як хочаш мяне лай, адно цераз плот не перакідай; Хоць лай, хоць бай, а была б дай.
Н
НА АДНО КУСАІЛА ТРЫ СІРБАІЛЫ *. Гавораць, калі пры пільнай рабоце не хапае часу пад'есці; пры ядзе не хапае хлеба.
НА АДНЫМ МЕСЦЫ І КАМІНЬ АБРАСТАЯ. Жывучы на адным месцы, чалавек абжываецца, становіцца больш заможным. Насовіч: На адном месцы і камень мохам абрасце.
НА БАРЫШЫ, ШТО ХОЧАШ БРАШЫ *. Пры сватанні гавораць неверагодныя рэчы пра багацце жаніха, пры продажы жывёлу праз меру хваляць. Федароўскі: На барышы, што хочэш брашы, а посля маўчы; На барышы брашы, а па барышы маўчы; На барышы, што хочэш брашы, а па барышы не брашы; На барышы, як хочеш брешы.
НА БЛАГОЯ ДОЎГА ВУЧЫЦЬ НЯ ТРЭБА. Калі дзеці на вуліцы навучацца нецэнзурнай лаянцы.
НА БОГА НАДЗЕЙСЯ, АЛІ І САМ СТАРАЙСЯ *. Кажуць гультаю, які наракае на Бога за сваю беднасць. Санько: Божа памажы, але і сам падбяжы (не ляжы); Памажы, Божа, але і ты не ляжы, нябожа; На Бога спадзявайся, але і сам старайся; Працуй, нябожа, то і Бог паможа; Чакай збавення з неба, а тым часам хлеба трэба; Федароўскі: На Бога надзейся, а сам рук не спускай.
НА БОК ГРЫБОК — БАРАВІК ЕДЗЯ. Так кажуць жартам, калі міма праходзіць ганарысты чалавек. Гавораць таксама на запусты, калі надыходзіць пост. Насовіч: На бок, свіны лабок, бо баравік едзе.
НА ВОЎКА ПАМОЎКА, А МЯДЗЬВЕДЗЬ ЦІХА ВЯДЗЕЦЬ *. Калі падазраюць на аднаго, а вінаватым аказваецца іншы. Калі дробны злодзей учыніць крадзеж, яго судзяць, а буйны злачынец звычайна апраўдваецца судом. Федароўскі: На воўка памоўка, а мядзведзь ціцішком (спадцішка); Аб воўку памоўка, а зайцы кабылу з'елі.
НА ГАЛОДНЫ ЗУБ ДОБРА І ГЭТАК. Калі беднаму і несамавіты здабытак дастанецца. Насовіч: На галодны зуб мяккі сыры пуп.
77 👁