МАНА НА ВЕРХ ВЫЙДЗЯ. Гэтак супакойваюць таго, хто наракае, што на яго ўзвялі нагавор. Санько: Хлусня як алей — выйдзе наверх; Ліхое ніколі не ўтоіцца; Хлуслівага лягчэй злавіць, як кульгавага.
МАРАЦ МАЦАЯ ЗА ПАЛІЦ. Пра мажлівыя ў сакавіку марозы. Насовіч: Марец укусіць за палец; Федароўскі: Марец адмарозіць палец.
МАРОЗ — СТО ПУДОЎ НА ВОЗ *. Пра добры санны шлях.
МАРОЗ СЕМ БАБ ПАВЁЗ. Жартуюць, калі моцны мароз прыцісне. Насовіч: Мароз сем баб павёз, а восьмую на лёду растрос.
МАСКВА СЬЛІЗАМ НЯ ВЕРА. Кажуць тады, калі чые-н. скаргі, слёзы не выклікаюць спачування, не могуць дапамагчы.
МАСКОЎСКІЯ ДАКТАРЫ ВЫНЮЦЬ ДУШУ БІЗ ПАРЫ *. Прыгаворвалі, калі ў маскоўскіх вайсковых шпіталях памірала шмат жаўнераў.
МАСЛА ПАГАСЛА, САЛА ПАТАЛА, А КІЛБАСЕ ЛІХА СТАЛА. Кажа гаспадыня, калі ўся скароміна выйшла, і няма чым гасцей частаваць. Жартам гэтак адказваюць таксама надакучлівым дзецям, якія дабіваюцца чаго-н. Насовіч: Масла згасла, сала растала, а каўбасу каты з'елі.
МАЮЧЫ ПАРШЫВАЮ ГАЛАВУ, НЯ ТРЭБА Ў ДУХ ЛЕЗЬЦІ. Пра таго, хто не мае адпаведнага здароўя ці здольнасцяў, а бярэцца за справу, якую не ў сілах выканаць.
МАЯ ДУША НІ КРЫВАЯ — УСЁ ПРЫМАЯ. Так адказваюць, калі гаспадыня перапрашае, ці да смаку госцю страва. Наогул да каго-, чаго-н.: «Я чалавек памяркоўны. Нічым і нікім не пагарджаю». Насовіч: Душа мая не крывая, усенько прымае.
МАЯ КАРОЎКА АЦЯЛІЛАСЯ. Пра таго, хто дачакаўся надзейнага прыбытку, ажыццяўлення даўняй мары.
МАЯ ХАТА З КРАЮ, І Я НІЧОГА НІ ЗНАЮ. Кажа той, хто лічыць, што не мае ніякага дачынення да чаго-н. Санько: Не маё гарыць — не мне тушыць; Твая бяда — твая нуда; То не мая кароўка ўгрызла; Не над маім каркам; Я не я і хата не мая; І я не я і рука не мая; А мне да таго ні спераду, ні ззаду; Гэта мне ані баліць, ані свярбіць.
82 👁