М
МАІШ СТАТАК, ТРЭБА МЕЦЬ І ЎПАДАК *. Суцяшаюць таго, хто мае нейкія страты ў гаспадарцы. Насовіч: Хто мае статак, той мае ўпадак: Хто ні мае статку, той не мае ўпадку.
МАЛ ЗАЛАТНІК, ДЫ ДОРАГ. Адказ малых за ганьбаванне іх росту. Пра малога, які мае станоўчыя якасці, заслугі. Санько: Конік маленькі, але даражэнькі; Талер маленькі, а даражэнькі; Маленькі, ды залаценькі; Грош маленькі, ды вялікія справы робіць; Хоць маленькі, але ўдаленькі; Хоць малая, ды ўвішная; Хоць караткаваты, ды вузлаваты; Хоць малы, ды вялікаму лапці падпляце; Невялікая мурашка, а горы капае; Маленькая куля мядзведзя валіць.
МАЛЕНЬКІ САБАЧКА ДА ВЕКУ ШЧАНЯ. Прымаўляюць на недарослага, мала на што здатнага чалавека. Санько: Маленькі сабачка да веку цюцька; Маленькі сабачка ў шчанятках састарэўся.
МАЛОЯ — ЦАЛОЯ, А БОЛЬШАЯ — ПАПАЛАМ. Пра работніка, які шпарка робіць, але яго работа аказваецца неякаснай.
МАЛЫ ЖУК, ДЫ ВЯЛІКІ ГУК. Гаворыцца з неадабрэннем пра таго, хто перабольшвае свае магчымасці, а таксама, калі малы чалавек вялікі голас падыме.
МАЛЫЯ ДЗЕЦІ — МАЛЫ Й КЛОПАТ, А ВЯЛІКІЯ ДЗЕЦІ — ВЯЛІКІ Й КЛОПАТ *. Чым большымі становяцца дзеці, тым большы клопат для бацькоў. Санько: Малыя дзеткі — малыя бедкі; Малыя дзеці — галава баліць, вырастуць — сэрца; Малыя дзеці — рукі баляць, вялікія — сэрца баліць; Малыя дзеці — малы клопат, большыя дзеці — большы клопат; Федароўскі: Малые дзеці — малая беда, велікіе дзеці — велікая беда.
МАЛЫЯ ДЗЕЦІ СПАЦЬ НІ ДАЮЦЬ, ВЯЛІКІЯ ДЗЕЦІ ЖЫЦЬ НІ ДАЮЦЬ *. Наракаюць бацькі гэтак, калі іх родныя дзеці крыўдзяць.
МАЛЯР МАЖА, ДЫ НЯ ЕЎШЫ СПАЦЬ ЛЯЖА. Прымаўляюць мастаку, калі праца яго матэрыяльна не забяспечвае.
МАМА, ЕСЦІ! — АДКУЛЬ ПРЫШЛІ ВЕСЦІ? Так жартуе маці, калі дзеці есці просяць.
79 👁