КСЁНДЗ-ДАБРАДЗЕЙ, ПАСЬВЯНЬЦІ ХАТКУ: НІМА ПАРАДКУ. Калі ў хаце звадка, але не відаць, хто вінаваты — напэўна чорт.
КУДЫ ВЕЦЕР ВЕЕ, ТУДЫ І ЛОЗЫ ГНУЦЦА. Прымаўляюць таму, хто слепа ідзе за натоўпам. Насовіч: Куды ты, туды і я.
КУДЫ КОНЬ З КАПЫТОМ, ТУДЫ Й РАК З КЛЮШНЯЙ. Адмоўна ацэньваюць таго, хто наследуе іншаму, слепа пераймае яго звычкі, дзеянні. Санько: І жук, і жаба, і чорт, і баба; Каваль каня куе — і жаба нагу дае; Як каня куюць, то й жаба нагу настаўляе.
КУМОЎСТВА НІ ПАПОЎСТВА, І ПРЫДАНСТВА НІ ПАНСТВА. Хоць поп і кум разам хрысцяць дзіця, але поп за хрышчэнне бярэ грошы, а кум плаціць папу і парадзісе дорыць падарунак. Федароўскі: Кумаўство нівеліко прыяцельство.
КУПІЎ БЫ СЯЛО, ДЫК ГРОШЫ ГАЛО *. Гэтак прыказвае бедны. Насовіч: Купіў бы сяло, да грошей гало; Федароўскі: Купіў бы весь, ды пенендзы дзесь.
КУПІЦЬ НІ КУПІЦЬ, А ПАТАРГАВАЦЬ МОЖНА. Удасца які-н. намер ці не ўдасца, але паспрабаваць можна.
КУРЫ, СЬВІНЬНЯ, ВОН: МАШЫРАВАЦЬ ПАЙДУ. Прымаўляюць, калі няпрошаны госць запанаваў у хаце гаспадара.
Л
ЛАПЦІ ЛАЗОВЫЯ ПЕРАНОСЮЦЬ БОТЫ КАЗЛОВЫЯ. Пра трывалы сялянскі род, што перажыў шляхту, якая насіла казловыя боты.
ЛАСКА НІ КАЛЯСКА, СЕЎШЫ, НІ ПАЕДЗІШ. Гэтак высмейваюць таго, хто некаму дагаджае за ласку.
ЛАСКАВАЯ ЦІЛЯТКА ДЗЬВЕ МАТКІ СЬСЕ *. Хто ўсім дагаджае, той карыстаецца іх апекай, прыхільнасцю. Гэта павучаюць дзяцей, каб яны былі паслухмянымі. Федароўскі: Пакорно целя дзве маткі ссе, а гордаё ніводнай.
ЛАТА НА ЛАЦЕ — ПАСУНЬСЯ, ПАНЯ-БРАЦЯ. Беднага ў латанай вопратцы і родны брат просіць адсунуцца да парога.
75 👁