КАЛІ ПОЙДЗІШ НАЦЯНЬКІ, ДЫК ПРАХОДЗІШ ТРЫ ДЗЯНЬКІ *. Шукаючы новага, карацейшага шляху, страціш больш, чым ідучы старой дарогай. Пра таго, хто спрабуе наладзіць жыццё новым, але яшчэ неправераным спосабам.
КАЛІ ПРАПАЎ МЕХ, ДЫК І НА БАЦЬКУ ГРЭХ *. Гаворыцца звычайна ў адказ на несправядлівае абвінавачанне. Калі што-н. прападзе, кожнага падазраваць гатовы. Федароўскі: Згінуў (прапаў) мех, то й на роднага бацька грэх.
КАЛІ САБАКА ЗМАЛКУ ПРЫВЫКНЯ ПРАЗ ВОКНЫ ЛАЗІЦЬ, ДЫК ЯГО ГЭТКІМ І ВОЎК З'ЕСЦЬ. Калі хто-н. змалку прывык да шкодных звычак, дык з імі і памрэ.
КАЛІ СВАЯ ХАТКА, ДЫК І КАЧАРГА МАТКА. У сваёй хаце гаспадар адчувае сябе надзейна, нават качаргой абароніцца ад злодзея. Федароўскі: У сваёй хаці і качерга помач; Свая хатка, як родная матка.
КАЛІ СУДЖАНА, ДЫК НІ РАЗГУДЖАНА. Наканаванае лёсам (напрыклад, каму з кім ажаніцца) ніякія паклёпы або падкопы не зменяць. Насовіч: Калі Бог судзіць, ніхто не разгудзіць; Як суджана, то не разгуджана; Федароўскі: Што суджано, то ні міне.
КАЛІ ТРЫВОГА, ТАДЫ ДА БОГА. Калі за парадай звяртаюцца да разумных людзей, ад якіх раней ухіляліся. Насовіч: Як трывога, то да Бога; Федароўскі: Калі трывога, то да Бога. Гл. 187.
КАЛІ ЎЗЯЎСЯ ЗА ГУЖ, ДЫК НІ КАЖЫ, ШТО НЯДУЖ *. Калі ўзяўся за якую-н. работу, даводзь яе да канца, не адмаўляйся ад яе, спасылаючыся на цяжкасці. Насовіч: Калі ўзяўся за гуж, не кажы, што недуж; Федароўскі: Кеды ўзяўся за ўж, не кажы, што ні дуж; Кеды (калі) узяўсе за дугу, (то) не кажы, што (цо) ні (не) магу.
КАЛІ ХЛОПІЦ КАЛОК ЗАЧЭША, ДЫК МАЕ ПРАВА ЖАНІЦЦА. Можаш загарадзіць плот — можаш быць гаспадаром.
КАЛІ ХОЧАШ ВОРАГА НАЖЫЦЬ, ДЫК ГРОШЫ ПАЗЫЧ. Прымаўляе той, хто пазычыў грошы і набыў ворага, пачуўшы адмову даўжніка вярнуць доўг. Насовіч: Хочаш прыяцеля пацяраць, а ворага нажыць, грошы пазыч; Федароўскі: Хочаш прыяцеля пацераць, а ворага нажыць, грошы пазыч.
84 👁