ладых лет (за моладу), не будзе і на старасць; Не вылетала варона за моладу на вырай, то не палеціць на старасць.
КАЛІ НІ ДАЯСІ, ДЫК І СЬВЯТОГА ПРАДАСІ. Калі прыцісне голад, даводзіцца прадаць каштоўную рэч. Федароўскі: Дай Божа прадаваць, абы ў дома начаваць.
КАЛІ НІ НАЕЎСЯ, ДЫК І НІ НАЛІЖЫСЬСЯ *. Калі нечым вялікім не запамогся, дык і малым не запаможашся, або калі не паспеў зрабіць што-н. за большы тэрмін, то гэтага не паспееш за кароткі тэрмін. Федароўскі: Чаго ні наеўся, таго ні наліжешся.
КАЛІ НІ НАМАЛОЦІМ, ДЫ І НІ НАКАЛОЦІМ. Калі на вялікай справе была ўтрата, дык і з малой не будзе карысці. Калі не намалацілі збожжа, малоцячы снапы, тым больш не атрымаць яго, трасучы салому.
КАЛІ НІ ПІРАСКОЧЫЎ, ДЫК НІ КАЖЫ «ГОЦ!» * Пра таго, хто хваліцца загадзя, не дакончыўшы справы.
КАЛІ НІ ПОП, ДЫК НІ ЎБІРАЙСЯ Ў РЫЗЫ *. Калі не майстар, не бярыся за справу. Не бярыся не за сваю справу. Насовіч: Калі не поп, не ўбірайся ў рызу; Федароўскі: Калі (як) ні поп, (то) ні ўбірайся ў рызу.
КАЛІ НЯМА ХЛЕБА, ДЫК НЯ ТРЭБА БЫЛО КРАЎЦА ПРАСІЦЬ. Калі няма чым частаваць, дык не трэба гасцей запрашаць. Раней кравец харчаваўся ў гаспадара, у якога выконваў працу.
КАЛІ НЯЎРОД, ДЫК І НІЎМАЛОТ. Калі бедны ўраджай.
КАЛІ ПАГОНІШСЯ ЗА ДВУМА ЗАЙЦАМІ, ДЫК НІВОДНАГА НЯ ЗЛОВІШ. Хто бярэцца адразу за некалькі спраў, той не дасягае поспеху ні ў адной.
КАЛІ ПАГОНІШСЯ ЗА ЧУЖЫМ, ДЫК СВАЁ СТРАЦІШ. Калі зайздрослівы чалавек захоча завалодаць чужым багаццем, дык і сваё страціць.
КАЛІ ПАН З ПАНОЎ, ДЫК АДДАСЬЦЬ ВАЛОЎ. Паважаны і разважлівы чалавек ніколі не будзе ўмешвацца ў дробязныя справы.
КАЛІ ПАШОЎ ВАЯВАЦЬ КІТАЙ, ДЫК ЖЫЦЬ КІДАЙ. Калі слабы і недалужны чалавек распачынае бойку.
КАЛІ ПІРАНАЧУІМ, ДЫК БОЛІ ПАЧУІМ *. Лепш адкласці складаную справу, каб сабраць болей вестак; раніцай справа стане больш яснай.
81 👁